Пытанне жыцця і смерці застаецца адкрытым
Ці быў выкананы смяротны прысуд, вынесены 14 траўня 2010 года Гарадзенскім абласным судом Алегу Грышкаўцову і Андрэю Бурдыку? Інфармацыя пра гэта з’явілася 20 ліпеня ў розных СМІ са спасылкай на незалежнае выданне “Вечерний Гродно”. Аднак праваабаронцы нечакана знайшлі яшчэ адно паведамленне.
У інфармацыі журналісткі “Вечернего Гродно” Таццяны Чэркес паведамляецца, што “28-летнего и 29-летнего жителей областного центра, которых приговорили к высшей мере наказания год назад, расстреляли”.
У пошуках хоць нейкіх падрабязнасцяў ініцыятары кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” выйшлі на сайт дзяржаўнага выдання “Гродзенская праўда”, дзе ў той жа дзень, 20 ліпеня, быў апублікаваны артыкул пад назвай “Преступников, убивших семью на улице Кабяка в Гродно, расстреляют”.
Паўстала пытанне: чыёй інфармацыі давяраць? У пошуках адказу праваабаронцы патэлефанавалі ў рэдакцыю “Вечернего Гродно”, дзе верагодней было атрымаць адказ наконт крыніцы інфармацыі. Аднак у рэдакцыі перанакіравалі да самой журналісткі, тэлефон якой адключаны.
Праваабаронцы намераны высвятляць гэтае пытанне і надалей. А на сённяшні дзень пра лёс Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыкі вядома не многім.