Фільм “Прычына смерці – прочырк” прэзентуецца ў Беларускім Доме правоў чалавека
У Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні праходзіць серыя прэзентацый дакументальнага фільма “Прычына смерці - прочырк” пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Падчас прэзентацый праходзяць дыскусіі, дзе стваральнікі фільма і праваабаронцы абмяркоўваюць з гасцямі пытанне смяротнага пакарання. Прагляд фільма адбудзецца сёння, 25 ліпеня, і пачнецца ў 20:30. Наступная прэзентацыя - 3 жніўня. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Стужку пад назвай "Прычына смерці - прочырк", адмыслова створаную ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, зняў рэжысёр Віктар Трацякоў па сцэнары Паліны Сцепаненкі.
Паводле аўтараў фільма, смяротнае пакаранне ў Беларусі - гэта сапраўдная таямніца: родным асуджаных не паведамляюць дату выканання прысуду, не выдаюць цела пакаранага і нават не кажуць, дзе чалавек, пакараны смерцю, знайшоў свой апошні прытулак. Больш за тое, у пасведчанні пра смерць у графе “прычына смерці” ставіцца прочырк, што і тлумачыць назву фільма.
Аўтары фільму звярнулі ўвагу гледачоў на пакуты сваякоў тых, хто быў асуджаны на смяротнае пакаранне. Гераіняй фільму стала маці Андрэя Жука, расстралянага ў сакавіку 2010 году. Святлана Жук даведалася пра смерць сына, калі прывезла яму чарговую перадачу. Яе не прынялі, а ахоўнік толькі сказаў: “Не шукайце яго нідзе. Адбыў па месцы выканання прысуду”. Так Святлана Жук зразумела, што сына ўжо расстралялі.
“Святар правёў адпяванне і сказаў, каб мы пахавалі яго рэчы ў магілу кагосьці з блізкіх і пасыпалі яе свянцонай зямлёй. Мы так і зрабілі”, — распавядае, плачучы, Святлана Жук.
“Фільм створаны для таго, каб праінфармаваць як мага больш шырокае кола людзей, каб паўплываць на грамадскае меркаванне ў гэтым пытанні і каб даносіць альтэрнатыўную думку, таму што дзяржава да гэтага пытання адносіцца вельмі аднабока. Прадстаўнікі дзяржавы кажуць толькі пра эмоцыі ахвяраў, а пра эмоцыі сваякоў асуджаных не кажа ніхто.І кожны раз, калі мы ладзім прэзентацыю, адбываецца яшчэ і дыскусія, дзе людзі выказваюцца па праблеме смяротнага пакарання. І гэта вельмі важна, што гэтае пытанне абмяркоўваецца,” – распавёў адзін са стваральнікаў стужкі праваабаронца Андрэй Палуда падчас адной з прэзентацыяў.
На прэзентацыі прысутнічалі запрошаныя госці з Украіны, Беларусі і Літвы, а таксама ўдзельнікі Летняй школы па правах чалавека, якую праваабарончы цэнтр “Вясна” сумесна з Домам правоў чалавека ладзяць ужо некалькі год запар. Падчас прэзентацыі была арганізаваная дыскусія, дзе эксперты ды навучэнцы школы, а таксама іншыя удзельнікі мерапрыемства змаглі абмеркаваць неадназначнае, але важнае пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі.
“Шмат хто лічыць, што гэта яго не датычыцца. Але, улічваючы сённяшнюю судовую сістэму Беларусі, кожны з нас можа стаць “прочыркам”, - такімі словамі скончыў прэзентацыю каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.
Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе і прыводзіцца ў выкананне смяротнае пакаранне. З гэтай прычыны Беларусь не можа стаць краінай-удзельніцай Рады Еўропы.
“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” маюць на мэце спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны заклікаюць усіх, каму не абыякавае гэтае пытанне, далучацца да адмысловай петыцыі, якую яны падрыхтавалі. Да кампаніі шляхам падпісання петыцыі далучылася такія вядомыя асобы, як Лявон Вольскі, Стынг, Зінаіда Бандарэнка, Мечыслаў Грыб, Адам Глобус, айцец Аляксандр Надсан і іншыя. Ініцыятары кампаніі спадзяюцца, што ўлады Беларусі пяройдуць да рашучых дзеянняў, накіраваных на спыненне выканання смяротных прысудаў.