Валянцін Стэфановіч: “Беларусі трэба выходзіць з ААН і далей жыць па сваіх нацыянальных законах”
У Беларусі прыведзены ў выкананне
чарговы смяротны прысуд: расстраляныя жыхары Гродна, якія год таму былі асуджаныя
да вышэйшай меры пакарання. Чаму Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай
краінай у Еўропе, дзе працягваюць караць смерцю людзей і якой будзе рэакцыя
Еўропы?
З такім пытаннем інтэрнэт-выданне “Заўтра
тваёй краіны” звярнулася да экспертаў.
Асуджаных прызналі вінаватымі ў забойстве трох чалавек у кватэры
шматпавярховага дома ў кастрычніку мінулага года. Гэта быў першы расстрэльны
прысуд Гродзенскага аблсуда за апошнія дзесяць гадоў. Пасля яго вынясення асуджаныя
Андрэй Бурдыка і Алег Грышкаўцоў напісалі прашэнне пра
памілаванне на імя прэзідэнта, але атрымалі адмову. Як і ў выпадку з
расстралянымі ў мінулым годзе Андрэем Жуком і Васілём Юзэпчуком, прысуды былі
прыведзены ў выкананне, нягледзячы на тое, што абодва асуджаныя звярнуліся ў
Камітэт ААН па правах чалавека і былі пачаты адпаведныя працэдуры.
- Згодна з гэтымі працэдурамі Беларусь не павінна была прыводзіць прысуд
у выкананне, - адзначае намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру
"Вясна" Валянцін Стэфановіч.
- Але наша краіна, як я разумею, у чарговы раз грэбуе абавязальніцтвамі, якія
яна ўзяла перад Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый.
Калі ў сакавіку мінулага года былі расстраляныя 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль
Юзэпчук, Камітэт ААН па правах чалавека ў спецыяльнай заяве выказаў
абурэнне ў сувязі з пакараннем смерцю двух чалавек, чые скаргі знаходзіліся на
разглядзе Камітэта.
Міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль
Куляшоў, закранаючы афіцыйны запыт Камітэта ААН па правах чалавека па
дадзеным пытанні, адзначыў, што “жыве не па законах ААН”. “Я жыву па законах
сваёй краіны. Наша заканадаўства з'яўляецца прыярытэтным для нас”, - падкрэсліў
Анатоль Куляшоў. “Калі мы ўсе гэтыя
запыты абмяркуем, разгледзім, то тады мы іх будзем выконваць. Сёння мы жывем у
рамках свайго заканадаўства, а не па прыўнесеных звонку нормах”, - падкрэсліў
міністр.
- У такім выпадку Беларусі трэба выходзіць з ААН і далей жыць па сваіх
нацыянальных законах, - лічыць Валянцін
Стэфановіч. - Я не разумею, які сэнс быў у ратыфікацыі Пакта аб
грамадзянскіх і палітычных правах і іншых дакументаў па лініі абароны правоў
чалавека ААН, калі іх не выконваць?
Палітолаг Юрый Чавусаў падкрэслівае,
што Беларусь з'яўляецца адзінай дзяржавай не толькі на тэрыторыі Еўропы, але і
на постсавецкай прасторы, дзе смяротнае пакаранне не адмененае. Аднак лічыць,
што ў дадзеным выпадку рэзананс будзе менш гучным, чым у мінулым годзе, калі
расстралялі Жука і Юзэпчука.
- У мінулым годзе актуальным пытаннем была лібералізацыя беларускага рэжыму і
прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду стала дэманстратыўным адыходам ад
заяўленага курсу, - адзначае эксперт. - Пасля 19 снежня 2010 года ад беларускіх
уладаў ужо ніхто не чакае ніякіх саступак нават у пытанні прымянення смяротнай
кары.
Па прагнозах Юрыя Чавусава, зараз
можна чакаць новую хвалю крытыкі з боку праваабаронцаў на адрас беларускага
рэжыму, але кіраўніцтва краіны не вядзе дыялогу пра адмену смяротнага
пакарання, па меншай меры, у публічнай сферы. Так што такая крытыка будзе
заставацца толькі адным з пунктаў вялікага пераліку прэтэнзій на адрас
беларускіх уладаў.