"Міжнародная амністыя" асудзіла чарговае выкананьне сьмяротных прысудаў
"Міжнародная амністыя" усьлед за Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы і Эўразьвязам асудзіла чарговае выкананьне сьмяротных прысудаў у Беларусі.
"Нядаўняе пакараньне беларуса, асуджанага за разбойны напад і забойства,
ніяк не садзейнічае правасудзьдзю", — заявіла экспэрт "Міжнароднай
амністыі" па Беларусі Хізэр Макгіл.
"Дакладная дата пакарання 28-гадовага Андрэя Бурдыкі невядомая. Хаця
гэты чалавек учыніў жудасныя злачынствы, ён не павінен быў быць пакараны
сьмерцю. Разам з Бурдыкам мог быць пакараны сьмерцю і Грышкаўцоў", —
адзначыла Макгіл.
"Мы спачуваем сем'ям загінулых падчас абрабаваньня ў 2009 годзе, але
новыя сьмерці не выпраўляюць гэту памылку. Пазбаўленьне дзяржавай жыцьця
не зьяўляецца адэкватным адказам на праблему гвалтоўных злачынстваў у
грамадзтве".
Паводле "Міжнароднай амністыі", практыка сьмяротнага пакараньня ў
Беларусі "ўзмацняецца недасканалай сыстэмай крымінальнай юстыцыі, якая
прымяняе сьмяротную кару такім чынам, што гэта парушае міжнароднае права
і стандарты".
"Існуюць пераканаўчыя доказы таго, што для "прызнаньняў"
выкарыстоўваюцца катаваньні і жорсткае абыходжаньне", — гаворыцца ў
заяве, перадае БелаПАН.
Пра расстрэл гарадзенцаў Бурдыкі і Грышкаўцова стала вядома 20 ліпеня з
публікацыі ў газэце "Вечерний Гродно". Маці Бурдыкі пацьвердзіла
праваабаронцам гэту інфармацыю. "25 ліпеня жанчына была ў менскім
сьледчым ізалятары № 1, дзе асуджаныя на сьмерць утрымліваліся пад
вартай. Начальнік СІЗА пацьвердзіў выкананьне прысуду, жанчыне выдалі
рэчы сына. Відаць, разам з Андрэем Бурдыкам быў пазбаўлены жыцьця і Алег
Грышкаўцоў, бо абодва былі асуджаны ў межах адной крымінальнай справы",
паведаміў праваабарончы цэнтар "Вясна".
Паводле праваабаронцаў, прысуды былі выкананыя ў пэрыяд з 11 па 19 ліпеня.
Грышкаўцоў і Бурдыка былі асуджаны да вышэйшай меры пакараньня
Гарадзенскім абласным судом 14 траўня 2010 года. Іх прызналі вінаватымі
на падставе адразу некалькіх артыкулаў крымінальнага кодэкса –
"забойства двух і больш асоб з асаблівай жорсткасьцю, зьвязанае з
разбойным нападам", "разбой з нанясеньнем цяжкіх цялесных
пашкоджаньняў", "наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці шляхам падпалу",
"выкраданьне малалетняга групай асоб", "разбойны напад", "замах на
крадзеж аўтамашыны" і "крадзеж дакумэнтаў". Пасьля вынясеньня прысуду
асуджаныя прасілі кіраўніка краіны аб памілаваньні, але ім было
адмоўлена.
Беларусь зьяўляецца адзінай дзяржавай у Эўропе, якая прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды.