Праваабаронца пра заяву МЗС: “Ніколі не падзеліце чужога меркавання, пакуль не выканаеце свае абавязальніцтвы”
Заява Камітэта ААН па правах чалавека аб парушэнні Беларуссю міжнародных абавязальніцтваў у сувязі з выкананнем смяротных прысудаў двум грамадзянам, справы якіх знаходзіліся на разглядзе Камітэта, неправамерная. Пра гэта 28 ліпеня заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. З чыноўнікам ад МЗС не пагаджаецца гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які цягам апошніх дзесяці гадоў шчыльна працуе з ААНаўскім Камітэтам, паведамляе “Гомельская вясна”.
- Калі прэс-сакратар МЗС мае на ўвазе непадпісанне нашай краінай другога Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, скіраванага на адмену смяротнага пакарання, з ім можна пагадзіцца, - падкрэслівае праваабаронца. - Аднак калі браць пад увагу не смяротнае пакаранне як такое, а міжнародныя абавязальніцтвы нашай краіны ў цэлым, тут, мякка кажучы, чыноўнік хітруе. Беларусь не мела права прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды да моманту разгляду скаргаў асуджаных у Камітэце ААН па правах чалавека.
Леанід Судаленка падкрэслівае, што ў заяве прадстаўніка МЗС нічога не сказана пра ратыфікацыю Беларуссю Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паводле якога краіна-удзельніца прызнала кампетэнцыю Камітэта прымаць і разглядаць паведамленні ад асобаў, якія падлягаюць яе юрысдыкцыі і якія сцвярджаюць, што яны з’яўляюцца ахвярамі парушэння дзяржавай якога-небудзь з правоў, выкладзеных у Пакце.
- Упэўнены, Камітэт па правах чалавека прыняў меры тэрміновага характару адносна скаргаў асуджаных да смяротнага пакарання і ў тэрміновым парадку праінфармаваў урад Беларусі пра неабходнасць устрымацца ад прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да асуджаных. Тым не менш, прысуды выкананы, за што наша краіна і падвергнулася справядлівай крытыцы з боку ААН, - кажа праваабаронца.
У дадзенай сітуацыі, звяртаючыся да беларускіх чыноўнікаў, якія любяць паўтараць пра прымяненне “падвойных стандартаў” з боку еўрапейцаў, Леанід Судаленка падвынікоўвае: “Вы ніколі не будзеце падзяляць чужога меркавання, пакуль не навучыцеся выконваць узятыя на сябе абавязальніцтвы”.