Сваякам растраляных Грышкаўцова і Бурдыкі выдадуць пасведчаньні аб смерці іх блізкіх
Сваякам растраляных у ліпені 2011 года гарадзенцаў Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыкі 26 чэрвеня паведамілі аб тым, што яны могуць забраць у ЗАГСах па месцы жыхарства пасведчаньні аб сьмерці. Пра гэта каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” Андрэю Палуду паведамілі родныя асуджаных да пакараньня сьмерцю.
Нагадаем, што Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка 14 мая 2010 года былі прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня праз расстрэл за злачынствы, здзейсненыя падчас узброенага нападу на кватэру ў Гродне ў кастрычніку 2009 года. Абодва мужчыны былі прызнаныя вінаватымі ў наўмысным забойстве, разбоі, падпале, выкраданьні непаўналетняга, крадзяжы і рабаўніцтве.
Дакладная дата выкананьня прысуду дагэтуль была невядомая. 25 ліпеня 2011 года маці аднаго з растраляных наведала менскі следчы ізалятар № 1, дзе асуджаныя да смерці ўтрымліваліся пад вартай. Начальнік СІЗА пацвердзіў выкананьне прысуду, жанчыне выдалі рэчы сына.
Відавочна, разам з Андрэем Бурдыкам быў пазбаўлены жыцця і Алег Грышкаўцоў, бо абодва былі асуджаныя ў межах адной крымінальнай справы. Растрэл, меркавана, адбыўся ў перыяд з 11 па 19 ліпеня.