Беларусь – краіна-забойца

У адзінай еўрапейскай краіне – Рэспубліцы Беларусь –  штогод выконваецца некалькі смяротных прысудаў. Дзяржава працягвае помсціць злачынцам, не кіруючыся пры гэтым прынцыпамі перавыхавання і справядлівага пакаранння, а сама становіцца забойцам сваіх грамадзян.

У гэтым годзе ў сярэдзіне ліпеня былі расстраляныя Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка, прысуджаныя 14 мая 2010 года да смяротнага пакарання праз расстрэл за злачынствы, здзейсненыя падчас узброенага нападу на кватэру ў Гродне ў кастрычніку 2009 года. Прысуды прыведзеныя ў выкананне нягледзячы на разгляд гэтай справы ў Камітэце ААН па правах чалавека, што парушае міжнародныя пагадненні нашай краіны.

Чакае выканання прысуду гомельскі рабаўнік і забойца Ігар Мялік, якому Калегія Вярхоўнага суда Беларусі 11 лютага 2011 года адмовіла ў задавальненні скаргі на змену пакарання. Яшчэ адным “растрэльным” прысудам можа завершыцца неадназначная крымінальная справа аб тэрарызме ў Менскім метро.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” Андрэй Палуда пад час выступу 28 верасьня на секцыі, прысвечанай пытанням смяротнага пакарання, катаванням і бесчалавечаму абыходжанню на штогадовай сустрэчы АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве, акцэнтаваў увагу міжнароднай супольнасці на тым, што апошнім часам, з маўклівага адабрэння дзяржавы ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі практычна не абмяркоўваецца пытанне адмены смяротнага пакарання, альбо ўвядзенне мараторыя на яго. Ён звярнуўся да ўладаў Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем праявіць палітычную волю ў вырашэнні пытання аб неадкладным увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне як першага кроку да яе поўнай адмены. Гэта дасць магчымасць захаваць жыццё асуджаным да такога віду пакарання, а Еўропа зможа нарэшце лічыцца тэрыторыяй цалкам свабоднай ад дзікунскага пакарання смерцю.

10 кастрычніка, у Сусьветны Дзень барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” яшчэ раз нагадаюць грамадзянам краіны аб праблемах звязаных са смяротным пакараннем: аб недасканаласці судовай сістэмы ў Беларусі, пра тыя мукі, якія вымушаныя зносіць родныя і блізкія забітых, ня ведаючы ні места пахавання растраляных,ні час растрэлу, паколькі сваякам не паведамляецца пра дзень прысуду, целы расстраляных не выдаюцца для пахавання, месца пахавання застаецца невядомым, а ў пасведчанні аб смерці у графе “прычына смерці” ставіцца прочырк.

У многіх гарадах плануецца правесці інфармацыйныя акцыі, паказы праваабарончых фільмаў на тэматыку смяротнага пакарання, сярод якіх фільм беларускіх дакументалістаў “Прычына смерці – прочырк”.

Кожны з нас можа падаць свой голас, каб пакінуць жыццё тым, што чакае выканання смяротнага прысуду, альбо можа быць пакараны ў будучым, далучыўшы свій голас да тых трох з паловай тысяч грамадзян, што падпісалі Петыцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны