Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання: Беларусь заклікалі пакласці канец пакараньням сьмерцю

Актывісты праваабарончай арганізацыі Amnesty International у Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня, патрабуюць ад Беларусі адмены сьмяротнага пакараньня. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе ўсё яшчэ караюць сьмерцю.

«Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая цьвердзіць, што забівае людзей у імя справядлівасьці», - заявіла Роўзэн Райф, экспэрт Amnesty International у справе сьмяротнага пакараньня.

Ад 1991 году ў Беларусі магло быць пакарана сьмерцю каля 400 чалавек – рэальная лічба невядомая з-за сакрэтнасьці інфармацыі пра сьмяротныя пакараньні.

Пра выкананьне сьмяротнага пакараньня стрэлам у патыліцу вязьням звычайна паведамляюць непасрэдна перад гэтай працэдурай.

«Жорсткасьць кары сьмерцю не абмяжоўваецца самым момантам выкананьня пакараньня. Сем'ям пра выкананьне пакараньня не паведамляюць цэлыя тыдні і нават месяцы, целы пакараных не аддаюцца сем'ям, ім не паведамляецца месца пахаваньня іх блізкіх», - кажа Роўзэн Райф.

23 верасьня 2011 году сям'і асуджанага на сьмерць Андрэя Бурдыкі патэлефанавалі з Гарадзенскага абласнога суду і сказалі, што яны могуць прыйсьці ў ЗАГС па пасьведчаньне аб сьмерці сына.

28-гадовы Андрэй Бурдыка і яшчэ адзін чалавек былі асуджаныя на сьмерць 14 траўня 2010 году за забойства трох чалавек. Ходзяць чуткі, што абодва былі пакараныя сьмерцю ў сярэдзіне ліпеня сёлета. Сям'я другога пакаранага ўсё яшчэ чакае афіцыйнага пацьверджаньня.

Маці Бурдыкі Ніна Сямёнаўна хоча ведаць, дзе пахаваны яе сын, яна абышла ўсе могілкі пад Менскам, спадзеючыся знайсьці сынаву магілу.
Маці яшчэ аднаго асуджанага на сьмерць – Андрэя Жука – 19 сакавіка 2010 году паспрабавала перадаць сыну ў турму пасылку зь ежай. Турэмныя ўлады вярнулі пасылку, паведаміўшы, што ён быў «пераведзены ў іншае месца».

Ёй сказалі больш не шукаць свайго сына і чакаць афіцыйнага паведамленьня з суду. Раніцай 22 сакавіка 2010 году турэмная адміністрацыя паведаміла, што яе сын быў разам зь іншым вязьнем пакараны сьмерцю.

Маці расказала Amnesty International пра свой боль з прычыны таго, што яна ня ведае, дзе магіла сына. Яна таксама расказала, як маленькі Андрэеў сын стаіць моўчкі перад бацькавай фатаграфіяй. «Пра што ён цяпер думае, я ня ведаю», - кажа яна.

У 2010 годзе тысячы людзей былі пакараныя сьмерцю ў 23 краінах сьвету.

На канец 2010 году як найменей 17 800 чалавек ва ўсім сьвеце заставаліся асуджаныя на сьмерць і чакалі, калі ўлады іх заб'юць.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны