Праваабаронцы нагадалі беларусам пра праблему смяротнага пакарання (фота)
10 кастрычніка, у Cусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, праваабаронцы, грамадскія актывісты і маладыя валанцёры ў сталіцы і рэгіёнах краіны правялі акцыю супраць выкарыстання ў Беларусі смяротнай кары.
У Менску актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” выйшлі на праспект Незалежнасці, каб нагадаць мінакам, што ў Беларусі дагэтуль дзяржава забівае людзей. Інфармацыйныя буклеты, паводле праваабаронцаў, людзі бралі зацікаўлена, і было шмат нераўнадушных да гэтай праблемы грамадзянаў, з некаторымі нават атрымалася падыскутаваць.
Буклеты “Не – смяротнаму пакаранню!” праваабаронцы і грамадскія актывісты распаўсюджвалі сёння ў Баранавічах, такім чынам далучыўшыся да агульнарэспубліканскай кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. Мерапрыемства адбывалася ў цэнтры горада: ля крамаў, прыпынкаў, у маладым парку па вуліцы Камсамольскай, дзе заўсёды шмат мінакоў. І моладзь, і людзі старэйшага ўзросту ахвотна бралі інфармацыйныя матэрыялы і ўступалі ў дыскусію з праваабаронцамі наконт “забойства злачынцаў”. Падчас гэтых дыскусіяў арганізатары акцыі высветлілі, што каля паловы апытаных грамадзянаў адмоўна ставяцца да гэтага віду пакарання і лічаць, што Беларусі трэба ўводзіць мараторый на смяротную кару.
Раней падобную інфармацыйную акцыю правялі актывісты моладзевых арганізацыяў Магілёва. Буклеты, прысвечаныя гэтай тэме, яны раздавалі мінакам на праспэкце Пушкіна. Паводле аднаго з актывістаў, за пятнаццаць хвілінаў разыйшлося больш за трыста буклетаў.
Ні ў адным горадзе падчас правядзення праваабарончай акцыі інцыдэнтаў з міліцыяй не было.