Смяротнае пакаранне - абарона ці прыніжэньне чалавечай годнасці?

Размары Томас, амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі
Размары Томас, амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі

“Смерць кожнага Чалавека прыніжае і мяне, бо я адзіны з усім чалавецтвам ...”

Джон Дон, ангельскі паэт XVI стагоддзя

Кожны з нас памятае пачуццё трывогі і дыскамфорту, якое ўзнікае пры выглядзе таго, як абражаюць і зневажаюць іншага чалавека. Гэта пачуццё, хутчэй за ўсё, выклікана відавочным парушэннем няпісанага пагаднення аб узаемнай павазе паміж людзьмі. У маім першай артыкуле я пісала пра тое, што еўрапейскія краіны, якія перажылі вайну, заключылі пакт аб сумесных намаганнях па адраджэнні павагі да чалавечай годнасці. Мусіць, нішто не кідае такога сур'ёзнага выкліку чалавечай годнасці, як вынесенае судом рашэнне аб забойстве. Натуральна, у большасці краін, якія практыкуюць смяротнае пакаранне, смяротныя прысуды выносяцца як раз людзям, якія праявілі непавагу да святасці чалавечага жыцця. Але ці можна аплаціць жыццё пазбаўленнем жыцця?

Смяротнае пакаранне – вельмі эмацыйная тэма. І тыя, хто падобна да Еўрапейскага саюзу і краінаў, якія ў яго ўваходзяць, лічыць, што яно зневажае неаддзельную і неад'емную годнасць кожнага чалавека, уваходзяць у складаную сферу філасофіі. Але той факт, што ўсё больш і больш краін у свеце адмяняюць смяротнае пакаранне, кажа ў падтрымку гэтага аргументу. Сёння толькі 58 краін з 195 выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне, а адносна нядаўна, у 1977 годзе, ад яе адмовіліся толькі 16 краін. З 58 краін, якія захавалі смяротнае пакаранне ў заканадаўстве, менш за палову ўжываюць яе на практыцы. У Еўропе, толькі Беларусь працягвае ўжываць сьмяротнае пакараньне.

Тыя, хто выступае ў абарону смяротнага пакарання, кажуць аб тым, што яно служыць “натуральнаму правасуддзю” і прыносіць неабходнае заспакаенне родным ахвяраў злачынстваў. Аднак далёка не ўсе родныя ахвяраў лічаць, што гора і гнеў, якія яны адчуваюць, становяцца слабей пасля пакарання смерцю злачынцы. Некаторыя наадварот лічаць, што гвалт толькі спараджае новы гвалт, і гэтая спіраль закручвае і вінаватых, і невінаватых. Яскравым сведчаннем гэтага служыць прыклад Рут Эліс, апошняй жанчыны, прысуджанай да смяротнага пакарання ў 1955 годзе ў Вялікабрытаніі за забойства свайго палюбоўніка. Яна заплаціла сваім жыццём за жыццё, якое яна адабрала. Але гвалт на гэтым не спыніўся. Яе муж і сын здзейснілі самагубствы, а многія ўдзельнікі судовага працэсу да канца жыцця не акрыялі ад здарэння.

Амерыканскі вучоны Дэвід Гарланд даследаваў уплыў смяротнага пакарання на суддзяў, уцягнутых у вынясенне смяротнага прысуду, а таксама на тых, хто прыводзіць прысуд у выкананне. Ён лічыць, што яны трапляюць у сітуацыю “культурнай супярэчнасці, у якой ад іх чакаецца адначасова прытрымліванне закону і парушэнне закону, з прычыны чаго яны апынаюцца ў нязручнай прасторы паміж культурнымі нормамі ліберальнага гуманізму і прававой практыкай пакарання злачынцаў».

Пакаранне смерцю Рут Эліс у 1955 годзе абвастрыла у брытанскім грамадстве дыскусію аб тым, як санкцыянаванае дзяржавай забойства можа ўзгадняцца з абавязкам дзяржавы абараняць годнасць сваіх грамадзян. Пяцьдзесят тысяч чалавек падпісалі петыцыю аб памілаванні Рут. У дзень яе кары, адна з буйных брытанскіх газет асудзіла тое, што адбылося такімі словамі: “толькі адна якасць надае годнасці чалавечаму роду і ўзвышае нас над жывёламі. І менавіта ў гэтым мы адмовілі ёй – у жалі і надзеі на выратаванне”.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны