Спынім забойства - ад імя народа!
“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” заклікаюць усіх дапамагчы захаваць людскія жыцці, падпісаўшыся пад змешчанай у інтэрнеце петыцыяй супраць прымянення выключнай меры пакарання ў дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
Нагадаем, 30 лістапада 2011 г. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вынесе прысуд па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 г., а таксама тэрарыстычнага акту ў менскім метро 11 красавіка 2011 г. Дзяржаўны абвінаваўца ў сваім выступе запатрабаваў для абодвух абвінавачаных выключнай меры пакарання - смяротнай кары.
З гэтай нагоды намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, адзін з ініцыятараў праваабарончай кампаніі супраць смяротнага пакарання, звяртаецца да грамадскасці:
“Здавалася б, справядлівасць гатовая “перамагчы” ў чарговы раз. Менавіта ў пакаранні смерцю асобаў, якія самі здзейснілі забойствы, шмат хто бачыць аднаўленне той самай справядлівасці. Гучнае злачынства хутка раскрыта, злачынцы злоўленыя і асуджаныя, сілавікі і пракурорскія чыноўнікі узнагароджаныя чарговымі “зорачкамі” і прэміямі. Здавалася б - усё як мае быць...
Але менавіта зараз у грамадстве назіраецца дзіўная метамарфоза. Менавіта гэтая жудасная па сваіх наступствах трагедыя, магчыма, упершыню высвяціла праблему смяротнага пакарання, прымусіла задумацца над гэтым. Грамадства не верыць у вінаватасць Канавалава і Кавалёва і нават распачало збор подпісаў пад петыцыяй у іх абарону ад смяротнага пакарання. Упершыню ў Беларусі ўзнікла такога кшталу народная ініцыятыва. Менавіта народная, а не ініцыятыва некалькіх праваабарончых арганізацыяў, якія некалькі год запар настойліва даводзяць неабходнасць адмены смяротнага пакарання ці, прынамсі, увядзення мараторыя на яго.
Адным з асноўных аргументаў за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі (ці мараторый на яго выканне) для мяне асабіста была адсутнасць інстытута незалежнага правасуддзя ў краіне, скрайняя залежнасць і бяспраўе адвакатуры, поўная адсутнасць грамадскага кантролю над дзейнасцю спецслужбаў, міліцыі і пенітэнцыярнай сістэмы. Пры такіх умовах наяўнасць смяротнага пакарання робіць вельмі верагодным магчымасць вымушанага, праз катаванні, самаагавору, судовай памылкі і ў выніку – пакарання смерцю невінаватага чалавека. Мне падаецца, што цяперашняя сітуацыя са справай Канавалава-Кавалёва - яскравы таму прыклад. Недавер да вынікаў следства гэта, як мне падаецца, квінтэсенцыя недаверу грамадства да судовай улады і органаў правапарадку ў прынцыпе. Цяжка давяраць уладзе, пры якой міліцыя і суды з грамадзянаў, якія мірна пляскаюць у далоні, робяць мацершчыннікаў, а КГБ палохае грамадзянаў байкамі пра пацукоў у трубаправодзе і баявым арсеналам апазіцыі ў адным з гаражоў у Малінаўцы. Небяспека – гэта спецслужбы, якія займаюцца фантазіямі. У духу трыццатых гадоў – сам прыдумаў змову і сам яе раскрыў.
Мы ўсе зноўку робімся нявольнымі гледачамі жудаснай трагедыі, расцягнутага ў часе акту яшчэ аднаго забойства – толькі ўжо забойства ад імя Рэспублікі Беларусь. Затым ад імя гэтай самай рэспублікі родным растраляных не выдадуць целы для пахавання і не ўкажуць месцы пахавання. І яшчэ адна напаўзвар’яцелая ад гора маці будзе рыскаць па навакольных могілках у пошуках свежай безыменнай магілы свайго сына. Я бачу гэта ўжо на працягу апошніх 15 гадоў. Менавіта таму я змагаўся і змагаюся за адмену смяротнага пакарання. Кожны раз наноў, кожны раз…
Зараз мы, праваабаронцы, адмыслова трымалі “маўклівы мараторый”, проста назіраючы за працэсам Канавалава-Кавалёва. Мы не хацелі аказваць ускосны ціск ні на следства, ні на судовы працэс. Адбылася жудасная трагедыя, загінулі ні ў чым не вінаватыя людзі. Ішло следства, якое мусіла ва ўсім разабрацца, пачаўся суд, які павінен даць ацэнку ўсім сабранам следствам доказам. Я не буду казаць пра якасць тых доказаў віны Кавалёва і Канавалава - пра гэта ўжо шмат кім казалася, у тым ліку і адвакатамі. Адзінае, што хачу заўважыць: адно з асноўных пытанняў - пра матывы здзяйснення гэтага жудаснага ўчынку. Адказу на яго я так і не пачуў. Няўцямнае і пратакольнае “дэстабілізацыя ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь” я ў разлік не бяру.
Цяпер, калі дзяржава гатовая ў чарговы раз здзейсніць свой “акт справядлівасці”, гэтаму “маўкліваму мараторыю” прыйшоў канец. Мы, удзельнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, пачынаем актыўныя дзеянні па недапушчэнні забойстваў. Я разумею, што нават прамежкавыя механізмы абароны Камітэта па правах чалавека ААН не ў сілах спыніць гэты канвеер смерці. Але ўсе разам мы зараз маем шанец спыніць яго назаўжды. Таму што людзей не павінны забіваць, таму што жыццё чалавека мае найвышэйшую каштоўнасць – у тым ліку і для дзяржавы з імем Рэспубліка Беларусь.
Валянцін Стэфановіч”.