Праваабаронцы патрабуюць не ўжываць смяротнае пакаранне ў адносінах да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва!

Заява беларускіх праваабаронцаў адносна патрабавання дзяржаўнага абвінаваўцы аб прымяненні смяротнага пакарання ў дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва

Беларускія праваабаронцы рашуча асуджаюць патрабаванне дзяржаўнага абвінаваўцы аб прымяненні смяротнага пакарання ў дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, абвінавачаных па справе аб тэракце ў Мінску 11 красавіка 2011 года.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і міжнародныя пагадненні, падпісаныя дзяржавай, гарантуюць грамадзянам натуральнае і неад'емнае права на жыццё, замацоўваюць гэта права як вышэйшую каштоўнасць.

Смяротнае пакаранне не мае сэнсу.

Яно не выпраўляе здзейсненага, не аднаўляе справядлівасць.

Яно не вядзе да пакаяння і ўсведамлення злачынцам сваёй віны.

Яно не спыняе іншых злачынцаў і толькі робіць жорсткім грамадства.

Шчыра падзяляючы гора і пакуты ахвяраў злачынстваў і іх родных, мы канстатуем, што працэдура смяротнага пакарання, прынятая ў Беларусі, пры якой целы расстраляных не выдаюцца, не паведамляецца пра месца пахавання і часу пакарання - гэта бесчалавечнае абыходжанне з сем'ямі асуджаных да смерці.
Неабходна спыніць эскалацыю жорсткасці і гвалту.

Смяротнае пакаранне як помста і рудымент сярэднявечнай жорсткасці непрымальная з маральнага пункту гледжання нават тады, калі яно ўжываецца ў дачыненні да людзей, чыя віна ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў цалкам даказаная і не выклікае абгрунтаваных сумневаў.

Разам з тым, відавочна, што ні адна праваахоўная і судовая сістэма не застрахаваная ад памылак. Але судовыя памылкі не могуць быць выпраўленыя пасля ўжывання смяротнага пакарання.

Немагчыма ігнараваць тое, што паводле ацэнак адвакатаў, праваабаронцаў, некаторых пацярпелых і простых грамадзян, расследаванне справы аб тэракце ў мінскім метро і ўвесь судовы працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым не быў ясным і пераканаўчым.

Назіральнікі адзначаюць сур'ёзныя працэсуальныя парушэнні ў ходзе папярэдняга расследавання і судовага разбору. Сур'ёзна абмяжоўвалася права абвінавачаных на абарону. Не былі належным чынам правераны заявы абвінавачаных аб прымяненні да іх фізічнага і псіхалагічнага ціску на папярэднім следстве. Шматлікія хадайніцтвы абароны, накіраваныя на выкараненне недакладнасцяў і супярэчнасцяў у доказнай базе, неабгрунтавана адхіляліся.

Падчас судовага працэсу некаторыя пацярпелыя выказалі сумнеў у дачыненні Канавалава і Кавалёва да тэракту. Дзесяткі тысяч грамадзян краіны падпісалі петыцыю аб непрымяненні смяротнага пакарання ў дадзенай справе.

Мы лічым, што калі следствам устаноўлена, што Канавалаў і Кавалёў маюць непасрэднае дачыненне да тэракту ў метро, ​​то ў інтарэсах грамадскай бяспекі неабходна захаваць жыцці гэтых людзей, якія валодаюць найкаштоўнейшай інфармацыяй пра абставіны гэтай трагедыі.

Жыццё Канавалава і Кавалёва павінна быць захавана таму, што ў будучыні не выключана магчымасць з'яўлення новых звестак пра тэракт ў Менску 11 красавіка 2011 года. Найважнейшым вынікам дадзенай справы павінна стаць не пакаранне абвінавачаных, а ўпэўненасць грамадства ў тым, што выяўлены ўсе матывы, абставіны і датычныя асобы.

У інтарэсах гуманнасці і бяспекі грамадства патрабуем не ўжываць смяротнае пакаранне ў дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва!

Алег Гулак, "Беларускі Хельсінскі Камітэт"

Алена Танкачова, Вольга Смалянка, "Цэнтр прававой трансфармацыі"

Таццяна Рэвяка, "Беларускі дом правоў чалавека"

Эніра Браніцкая, "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"

Андрэй Палуда, кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання"

Валянцін Стэфановіч, ПЦ "Вясна"

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны