"Калі заб'еш невінаватага чалавека, потым гэтага не вярнуць"
Сёньня на офісе “Беларускага Хельсінкскага Камітэта” адбылася прэс-канферэнцыя па пытаньні крымінальнай справы аб тэракце 11 красавіка 2011 года ў Менску ў кантэксце праблемы смяротнага пакарання.
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” пазнаёмілі прысутных журналістаў з заявай, у якой яны патрабуюць не ўжываць смяротнага пакарання ў дачыненні Дзмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.
На канферэнцыі выступіла маці аднаго з абвінавачаных па вышэйзгаданай крымінальнай справе Любоў Кавалёва. Яна зачытала свой зварот да ўсіх пацярпелых ад тэракту і родных загінулых. “І калі сёння хтосьці чагосьці яшчэ не разумее, што адбываецца навокал і гатовы патрабаваць яшчэ бязьвіннай крыві у дадатак да тых 15 бязьвінных ахвяраў, якія загінулі ў менскім метро, то я гатовая ахвяраваць сабой. Хай мяне расстраляюць замест двух невінаватых хлопцаў. Я ўжо дастаткова пажыла”,- цьвердзіцца ў звароце Любові Кавалёвай.
Таксама Любоў Кавалёва агучыла тэкст свайго адкрытага ліста да прэзідэнта Беларусі. “Я прашу толькі аб адным: не дайце пазбавіць жыцьця нашых сыноў, вінаватасьць якіх выклікае надта шмат сумневаў. Лепш цяпер прызнаць памылку, і можна яшчэ ўсё паправіць. Калі заб'еш невінаватага чалавека, потым гэтага не вярнуць. У нас няма права на памылку. У судовым памяшканьні засталося шмат нявысьветленых пытаньняў і ".незадаволеных хадайніцтваў, верагодна, вельмі важных для расследваньня гэтай гучнай і трагічнай справы”,-гаворыцца ў заяве Любові Кавалёвай.