Праваабаронцы просяць кіраўніка Вярхоўнага суда Беларусі ўнесці пратэст на рашэнне аб смяротнай кары Канавалава і Кавалёва
Праваабаронцы просяць старшыню Вярхоўнага суда (ВС) Беларусі Валянціна Сукалу ўнесці пратэст на рашэнне суда аб прымяненні выключнай меры пакарання (смяротнай кары) у дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
Як паведаміў БелаПАН кіраўнік юрыдычнай службы
РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Гары Паганяйла, зварот накіраваны 5
снежня. Паколькі крымінальную справу аб тэракце ў мінскім метро
разглядаў Вярхоўны суд, прыгавор касацыйнаму абскарджанню не падлягае,
але ў старшыні ВС ёсць права запатрабаваць справу і апратэставаць
судовае рашэнне, патлумачыў Паганяйла.
"Смяротная кара з'яўляецца самым суровым з усіх відаў пакаранняў,
прадугледжаных Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, — пішуць
праваабаронцы. — Гэта бесчалавечнае пакаранне, якое замахваецца на жыццё
чалавека. Між тым, жыццё чалавека з'яўляецца самай каштоўнай дабротай,
права на яго з'яўляецца натуральным і неадчуджальным, атрыманым
чалавекам з моманту яго нараджэння. Пры разглядзе крымінальных спраў аб
злачынствах, за ўчыненне якіх прадугледжана прымяненне смяротнай кары,
асабліва важна, каб не было аніякага сумнення ў законнасці і
абгрунтаванасці прынятых рашэнняў. Пры разглядзе крымінальнай справы
заўсёды існуе верагоднасць судовай памылкі".
Аўтары звароту таксама падкрэсліваюць: "Неабходна памятаць, што
прызначэнне смяротнай кары — гэта права, а не абавязак суда. У сувязі з
гэтым суды, кіруючыся прынцыпам гуманнасці, могуць прымяняць іншыя віды
пакарання. Так, у якасці выключнай меры пакарання як альтэрнатыва
смяротнай кары дапускаецца прымяненне пажыццёвага зняволення".
Нагадаем, 30 лістапада Вярхоўны суд прыгаварыў Канавалава і Кавалёва да
смяротнай кары, прызнаўшы, што яны "ўяўляюць выключную небяспеку для
грамадства". Канавалаў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным
хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці,
захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, тэрарызме,
спалучаным з забойствам людзей. Кавалёў прызнаны вінаватым у злосным і
асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным
набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад,
неданясенні аб падрыхтоўцы асабліва цяжкага злачынства, а таксама ў
дапамаганні тэрарызму.
1 снежня маці Кавалёва звярнулася да кіраўніка дзяржавы з прашэннем аб памілаванні свайго сына.
2 снежня Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў у Брэсцкай вобласці, заявіў, што рашэнне па пытанні магчымага памілавання Канавалава і Кавалёва прыме ў найбліжэйшы час. "Я павінен падпісаць указ і пацвердзіць рашэнне суда, або ж, калі звярнуліся па памілаванне, я павінен разгледзець гэтыя дакументы. Гэта самае цяжкае, што можа быць у рабоце прэзідэнта", — сказаў Лукашэнка. З аднаго боку, адзначыў ён, тое, што адбылося, для Беларусі "анамальна" і "недапушчальна" — у выніку тэракта загінулі людзі. З другога боку, дадаў Лукашэнка, ёсць бацькі асуджаных, частка грамадства, якая стала на абарону. "І вось пачынаеш усё гэта ўзважваць. Я прыму рашэнне ў найбліжэйшы час і абавязкова вас праінфармую", — паабяцаў Лукашэнка.