Віцебская газета “Народнае слова” спрабуе ўплываць на землякоў Канавалава і Кавалёва

Многія жыхары Віцебску сумняюцца ў справядлівасці суду і следства адносна выбуху ў мінскім метро 11 красавіка. Каб пераканаць нязгодных са смяротным прысудам Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, абласная газета  перадрукавала ананімны артыкул з сайта predateli.com -- вядомага ў інтэрнэт-прасторы распаўсюдніка паклёпніцкіх матэрыялаў  пра беларускіх праваабаронцаў, палітыкаў і журналістаў.   

Дзіўна, але  ананімны артыкул “Канавалаў і ягоны “эцюд у барвовых танах”, які з’явіўся ў інтэрнэце напрыканцы лістапада, пасля перадрукоўкі ў віцебскай газеце “Народнае слова” займеў “аўтара” – ён падпісаны нейкім Аляксандрам Івановым. Усё астатняе засталося нязменным,  у тым ліку і выкладзеная ў самым пачатку задача аўтара – “аднавіць гістарычную справядлівасць”, каб “некаторыя радзецелі ведалі свайго героя” Дзмітрыя Канавалава.

Дарэчы, пра другога абвінавачанага ў тэракце, Уладзіслава Кавалёва, у артыкуле згадана ўсяго некалькі разоў. І ў фінальных радках нават аўтар выказвае сумнёвы: “Пакуль застаецца невядомым, ці свядома Канавалаў уцягнуў у гэтую гісторыю Кавалёва, або проста не падумаў пра магчымыя наступствы”. Затое пра самога Дзмітрыя Канавалава, які маўчаў цягам усяго судовага працэсу, аўтар сказаў усё, што за апошнія месяцы растыражавалі разнастайныя СМІ:  і пра “хваравітую цікаўнасць да ўсяго, што ўзрываецца і гарыць”, і пра звышгніяльнальнасць у галіне хіміі, і пра  акалічнасці, якія падаюцца аўтару самымі пераканаўчымі: што відэакамеры зафіксавалі, як Канавалаў зайшоў у метро з вялікай сумкай, а выйшаў ужо без яе”…

Цяжка сказаць, ці па ўласнай ініцыятыве “Народнае слова” перадрукавала тэндэнцыйны артыкул з інтэрнэту. Але ў іншых віцебскіх выданнях нічога падобнага пакульне з’явілася.

На які эфект разлічваў той, хто аддаваў загад пра перадрукоўку, зразумела: пасля абвяшчэння прысуду многія незалежныя СМІ апытвалі землякоў Канавалава і Кавалёва, і шмат  хто казаў што не згодны з прысудам, што справу трэба адпраўляць на перагляд, і што ў Беларусі варта адмяніць смяротнае пакаранне, бо заўжды застаецца верагоднасць судовай памылкі.  Гэткіх “недаверлівых” і спрабуюць пераканаць.

Але артыкул  са складанай назвай (“Эцюд у барвовых танах” – гэта вядомы дэтэктыў Артура Конан Дойля, дзе адмоўны герой, дарэчы, забівае людзей зусім не праз тэракты!)    можа выклікаць  іншыя наступствы.  Да прыкладу, стацца “сігналам” для цкавання сям’і Канавалавых у Віцебску. Ці задумваліся пра гэткі вынік  ў рэдакцыі “Народнага слова”? А можа, свядома імкнуліся справакаваць  у горадзе “паказальны самасуд” над сем’ямі абвінавачаных у тэракце?  Гэтыя пытанні пакуль застаюцца без адказаў.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны