Віцебскія газеты зноў заклікаюць “не шкадаваць тэрарыстаў”

У абласной газеце “Віцебскі рабочы” з’явіўся чарговы артыкул “Тэрарызм з “добрым” тварам”, перадрукаваны з інтэрнэту. Аўтар папракае залішняй гуманнасцю ўсіх тых, хто пратэстуе супраць смяротнае кары для  абвінавачанах за тэракт у мінскім метро ўраджэнцаў Віцебску Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.

Артыкул “Тэрарызм з “добрым” тварам” – гэта чарговая перадрукоўка  матэрыялу з ужо вядомага інтэрнэт-сайту predateli.com, які “спецыялізуецца” на ананімных  паклёпніцкіх артыкулах, прысвечаных і апазіцыйным палітыкам, і праваабаронцам, і журналістам. Цяпер аўтар – у арыгінале яго імя не пазначана, але ў газеце “Віцьбічы” яго назвалі Аляксеем Буклеевым – звярнуўся да тэмы смяротага пакарання.

Ён піша, што судовы працэс па факце выбухаў 11 красавіка ў мінскім метро паказаў, “што прыхоўваць няма чаго”, але ўчынак абвінавачанага Дзмітрыя Канавалава “выклікае ўсё больш пытанняў у шырокай грамадскасці, як гэта ні скрушна”. Таму, “нягледзячы на тое, што ўсе павінны былі ўстаць «адзіным фронтам» супраць «віцебскіх тэрарыстаў», грамадскасць падзялілася на два лагеры” – хто давярае суду і следству, і хто сумняецца ў справядлівасці прысуду.

Вінаватыя ў гэтым, паводле аўтара, некаторыя інтэрнэт-рэсурсы, асабліва апазіцыйныя, дзе шмат пішацца пра “белыя плямы следства” -- таму “у электронных СМІ з’явіліся прапановы замяніць смяротную кару на пажыццёвае зняволенне”. “Аднак у сваім імкненні «зразумець і прабачыць» мы забываемся пра тых, хто гэтага ўжо ацаніць не здолее. Гаворка ідзе аб загінуўшых у той трагічны дзень. Чалавечая памяць кароткая, і пра тое, што хтосьці не вярнуўся з таго маршруту да сваіх родным і блізкім, мы, падобна, ужо забыліся, засяродзіўшы ўсю сваю ўвагу на жалю да «падрыўнікоў,»--  абураецца аўтар.

Далей ён каротка праходзіцца па матэрыялах абвінавачання, падкрэсліваючы, што Дзмітры Канавалаў сам прызнаўся ва ўсіх злачынствах падчас папярэдняга следства. Пра Ўладзіслава Кавалёва, які заявіў, што паказанні на папярэднім следстве мусіў даваць пад ціскам, што чуў з суседняга пакоя крыкі Канавалава, і што ён  не прызнае сябе вінаватым, як не лічыць вінаватым і Дзмітрыя Канавалава, у артыкуле не сказана ні радка.

Напрыканцы ж землякоў Канавалава і Кавалёва заклікаюць  паверыць у праўдзівасць следства, бо пад уплывам інтэрнэту “ ў велізарнай плыні  інфармацыі абывацель згубіўся”.” У выніку  спачуванне  ўзяла верх, і людзі пачалі шкадаваць «бедных хлопцаў з ускраіны»! Гэта нонсэнс!” –цвердзіць аўтар.

“У Віцебску далёка не ўсе вераць у вінаватасць хлопцаў, якім прысуджана смяротная кара. Яшчэ шмат хот не верыць у аб’ектыўнасць следства, таму патрабуе захаваць хлопцам жыццё – каб была магчымасць правесці дадатковае расследванне, калі адкрыюцца нейкія новыя акалічнасці. І гэтыя артыкулы ў віцебскіх газетах – простая спроба настроіць людзей супраць нашых сыноў і нашых сем’яў”, -- лічыць Любоў Кавалёва, маці аднаго з абвінавачаных.

Нагадаем, што некалькі дзён таму віцебская абласная газета “Народнае слова” першай перадрукавала артыкул “Канавалаў і ягоны “эцюд у барвовых танах” з таго самага сайту predateli.com. Следам за ёй гэта зрабіла і гарадская газета “Віцьбічы”. Газета “Віцебскі рабочы” абрала іншы артыкул для перадруку. Але ўсё гэта, без сумневу, адна замова – каб дзяржаўныя СМІ дапамаглі маніпуляваць свядомасцю сваіх чытачоў.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны