Маці асуджанага за тэракт Уладзіслава Кавалёва піша скаргі

Пасля сканчэння суду, які прызнаў жыхароў Віцебску Дзмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва вінаватымі ў здзяйсненні тэракту 11 красавіка ды шэрагу іншых злачынстваў, Любоў Кавалёва падала заяву на спатканне з сынам. Яна хацела сказаць Уладзіславу, што не верыць у яго вінаватасць, падтрымаць яго, але на ўсю размову 2 снежня ёй адвялі толькі 30 хвілін.

Сястры Уладзіслава Кавалёва, Тацяне, спатканне было дазволена ўвогуле толькі на  10 хвілін. Паводле ж заканадаўства, спатканне даецца на тэрмін да трох гадзінаў. Неапраўданае скрачэнне магчымага часу для размовы са сваякамі маці зняволенага лічыць  парушэннем ягоных правоў, таму напісала скаргу ў Генеральную пракуратуру.

Яшчэ адна скарга тычыцца ўмоваў утрымання зняволенага: Любоў Кавалёва 5 снежня аднесла сыну харчовую перадачу, аднак да канца мінулага тыдня ён гэтую перадачу так і не атрымаў.

Любоў Кавалёва мяркуе, што ў СІЗА КДБ яе сына трымаюць у камеры-адзіночцы прыкутым да ложка : на ноч за дзве рукі, удзень – за адну. Яна гаворыць, што сын дужа схуднеў, выглядае не лепшым чынам – верагодна таму, што яго не выводзяць на свежае паветра.

“Асобнай праблемай паўстала атрыманне даверанасці на вядзенне справаў сына. Адвакат перадаў яе ў СІЗА КДБ, каб там яе заверылі. Мне перадалі, што я змагу атрымаць дакумент 8 снежня ў 10 раніцы ў бюро прапускоў. Аднак у належны час мы туды прыйшлі і пачулі, што ні пра якую даверанасць там не ведаюць.З гэтай нагоды я зноў напісала скаргі, занесла іх у Генеральную пракуратуру і ў Вярхоўны суд”, -- распавяла Любоў Кавалёва.

9 снежня стала вядома, што даверанасць знайшлася, але цяпер ёсць праблемы з тым, каб яе падпісаць. Маўляў, яна напісана не па маёмасных пытаньнях, а на вядзенне такіх справаў, як, прыкладам,  звароты ў праваабарончыя стуктуры ад імя асуджанага Уладзіслава Кавалёва.

Бацькі другога асуджанага за тэракт, Дзмітрыя Канавалава,  па-ранейшаму ніякай актыўнасці не праяўляюць – не імкнуцца сустрэцца з сынам або нешта перадаць яму ў СІЗА КДБ. Любоў Кавалёва, якая жыве па суседству, неаднаразова бачыла, што пад вокнамі кватэры Канавалавых ўсё яшчэ дзяжурыць машына, і людзі ў цявільным паўсюль суправаджаюць сваякоў асуджанага.

Гэткая ахова з’явілася літаральна праз дзень пасля падзеяў у мінскім метро, і  дагэтуль, нават пасля прысуду, бацькоў Дзмітрыя Канавалава “ахоўваюць” ад любых знешніх кантактаў.  Ніякіх праяваў негатыўнага стаўлення да сябе асабіста Любоў Кавалёва не заўважала, таму мяркуе, што “вартаваць” і сям’ю другога асуджанага  ад нейкіх нападаў ці правакацый немэтазгодна. Чаму ахову сям’і і кватэры Канавалавых дагэтуль не здымаюць, спадарыня Кавалёва не ведае.     

 

Фота: Любоў Кавалёва

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны