Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў не павінны быць пакараныя смерцю!

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)
Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)

Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека рэзка асуджае смяротныя прысуды, вынесеныя Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.

25-гадовыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў былі асуджаныя на смерць 30 лістапада 2011 па абвінавачванні ў арганізацыі выбуху ў менскім метро 11 красавіка 2011. Смяротны прысуд быў абвешчаны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Суда Аляксандрам Федарцовым пасля двух з паловай месяцаў суда, які пачаўся 15 верасня 2011.

Абодва мужчыны былі арыштаваныя 12 красавіка 2011 у якасці галоўных падазраваных у арганізацыі выбуху, які забраў жыцці 15 чалавек на адной з самых ажыўленых станцый, што знаходзіцца на адлегласці 100 метраў ад будынка прэзідэнцкай адміністрацыі. Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў былі таксама абвінавачаныя ў арганізацыі выбухаў у Віцебску і Менску ў 2005 і 2008 гадах.

Па просьбе абодвух падсудных, 114-старонкавы прысуд быў зачытаны падчас судовага паседжання 30 лістапада. Супярэчлівыя сведчанні падчас суда выклікалі сумневы ў датычнасці абвінавачаных да арганізацыі выбухаў. Дзмітрый Канавалаў адмовіўся ад сваіх ранейшых паказанняў, дадзеных 18 красавіка 2011, у якіх ён прызнаваў сваю датычнасць да розных выбухаў. Ён заявіў, што яго вымусілі ўзяць віну за гэтыя злачынствы, выкарыстоўваючы псіхалагічны ціск і катаванні.

Больш таго, назіральнікі паведамлялі аб сур'ёзных працэсуальных парушэннях падчас папярэдняга следства і судовага разгляду справы, дастатковых для таго, каб канстатаваць грубае парушэнне правоў абвінавачаных на справядлівы і бесстаронні суд. Ні матывы, ні дакладныя абставіны злачынства не былі высветленыя ў судзе.

“Мы не павінны мірыцца з ужываннем смяротнага пакарання ў цэнтры Еўропы”, заявіла прэзідэнтка FIDH Суэр Беласен. “Характар гэтага пакарання цалкам супярэчыць міжнародным стандартам. Больш таго, прадстаўленыя доказы віны Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва з'яўляюцца спрэчнымі, а іх права на справядлівы суд было парушанае. У такіх абставінах іх пакаранне раўназначнае звычайнаму забойству”.

Прынятая ў 2007 годзе рэзалюцыя ААН з заклікам увесці міжнародны мараторый на выкарыстанне смяротнага пакарання пацвярджае ўзрастаючую міжнародную скіраванасць на яго адмену. На цяперашні момант смяротнае пакаранне адмененае ў заканадаўстве і практыцы больш двух трацін краін свету. FIDH нагадвае, што Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай некалькіх міжнародных дамоваў, гарантуючых права грамадзян на жыццё, а таксама на справядлівы суд, уключаючы Міжнародны Пакт аб Грамадзянскіх і Палітычных Правах. Беларусь павінна таксама прытрымлівацца звычайных міжнародных стандартаў, уключаючы тыя з іх, якія замацаваныя Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны