Праваслаўная царква: Адмова ад смяротнага пакарання выключае здзяйсненне непапраўнай памылкі

Прэс-служба Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы распаўсюдзіла прэс-рэліз "Хрысціянскае стаўленне да праблемы смяротнага пакарання". 

«Зараз на адрас Мінскага Епархіяльнага ўпраўлення прыходзяць лісты з пытаннямі, якія тычацца праблемы смяротнага пакарання і хрысціянскага стаўлення да яе. У сувязі з гэтым па блаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі прэс-служба дае адпаведнае тлумачэнне.

У царкоўным веравучэнні мы не знаходзім вычарпальных звестак, якія б зрабілі хрысціянскае стаўленне да гэтай праблемы адназначным. Разам з тым пад уплывам менавіта Евангельскага вучэння адбываюцца змены ў грамадскай свядомасці: мэтазгоднасць смяротнага пакарання ставіцца пад сумнеў і ініцыюецца дыскусія па яго адмене.

На Архірэйскім Саборы ў 2000 г. былі прынятыя Асновы сацыяльнай канцэпцыі Расійскай Праваслаўнай Царквы, у якіх, у прыватнасці, заяўляецца аб пераважнасці адмовы ад смяротнага пакарання. Такі падыход выключае здзяйсненне непапраўнай памылкі правасуддзя і дае больш магчымасцяў для пастырскай душаапекі аб злачынцах.Царква не павінна катэгарычна патрабаваць адмены смяротнага пакарання - тым больш у грамадстве, якое ў сваёй большасці так рашуча на ёй настойвае. Але Царква імкнецца аказваць пастырскі ўплыў на фарміраванне ў сваіх дзяцей пачуццяў сацыяльнай справядлівасці і судовай адплаты без ідэі смертазабойства.

Акрамя таго, на Царкве ляжыць права смуткавання (печалования) з нагоды таго ці іншага канкрэтнага выпадку асуджэння да смяротнага пакарання. У папярэдні перыяд яна неаднаразова карысталася гэтым правам, накіроўваючы ў адпаведныя дзяржаўныя органы, па просьбе асуджаных, асаблівыя просьбы аб прымяненні да гэтых асобаў замест смяротнай кары іншага пакарання.

Не ўмешваючыся ў кампетэнцыю судовай і выканаўчай улады, Царква сведчыць аб непераходзячай Евангельскай Праўдзе, раскрывае сябе ў новазапаветным вучэнні аб веры, надзеі і любові. Адмова ад здзяйснення смяротнага пакарання павінна з'яўляцца вынікам усьведамлення грамадствам неабходнасці духоўна-маральнага ўдасканалення. Без гэтага ніякія пакаранні за злачынствы не змогуць знізіць узровень злачыннасці і павялічыць бяспеку грамадзян», гаворыцца ў прэс-рэлізе Мінскай епархіі БПЦ.

На інтэрнет-старонцы БПЦ таксама прыводзяцца словы кіраўнікоў РПЦ - патрыярхаў Аляксія ІІ і Кірылы, у якіх яны выступаюць супраць прымянення смяротнага пакарання, у прыватнасці, цытуецца патрыярх Аляксій ІІ: «Наша Царква заўсёды выступала за захаванне жыцця ва ўсіх яго выглядах, ці то ва ўлонні маці ці за злачынства».

 

Нагадаем, што неўзабаве пасля вынясення смяротнага прысуду абвінавачаным у тэракце у мінскім метро Д.Канавалаву і У.Кавалёву, кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў Лукашэнку ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Тадэвуш Кандрусевіч, напрыклад, заявіў: «Касцёл заклікае да бескрывавых метадаў стрымання і пакарання злачынцаў, паколькі яны найбольш адпавядаюць канкрэтным умовам агульнага дабра і годнасці чалавечай асобы. Сёння, звяртаючы ўвагу на магчымасці, якімі валодае дзяржава для прадухілення цяжкага злачынства і абясшкоджання злачынцы, не пазбаўляючы канчаткова вінаватага магчымасці выправіцца, выпадкі абсалютнай неабходнасці выкарыстання смяротнага пакарання ўжо вельмі рэдкія, а нават практычна ўжо не існуюць. Пра гэта сцвярджаў пры жыцці благаслаўлёны Ян Павел II… Жыццё чалавека з'яўляецца самым вялікім Божым дарам, які трэба бараніць ад зачацця да натуральнай смерці. 
Нават калі злачынства было варварскім, пакаранне не павінна быць такім, бо паводле навучання Хрыста, мы павінны кіравацца прынцыпам не «вока за вока і зуб за зуб», але прынцыпам любові, і нават да тых, хто чыніць нам зло», - зазначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, і дадаў: «звяртаюяся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і заканадаўчай улады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, каб затым зусім яго адмяніць, замяніўшы пажыццёвым пазбаўленнем свабоды, і памілаваць усіх асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Гэтага просіць Каталіцкі Касцёл разам з Папам і біскупамі ва ўсім свеце для тых краін, у якіх яшчэ існуе кара смяротнага пакарання. 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны