Любоў Кавалёва зьвернецца ў Вярхоўны суд, каб спаткацца з сынам

Маці прыгаворанага да сьмяротнага пакараньня за саўдзел у тэрарызьме Ўладзіслава Кавалёва перадасьць у Вярхоўны суд Беларусі чарговую заяву на спатканьне з сынам.

Як паведаміла БелаПАН Любоў Кавалёва, яна хацела б сустрэцца з Уладзіславам 17 студзеня — у яго дзень нараджэньня. Пасьля абвяшчэньня 30 лістапада 2011 году прысуду маці і сястры Тацьцяне было дазволена па адным спатканьні з асуджаным. Маці — 30 хвілін, сястры — 10.

Любоў Кавалёва мае намер падрыхтаваць другую даверанасьць, каб мець магчымасьць ад імя сына зьвяртацца да праваабаронцаў, узамен той, якой больш за месяц ня можа дабіцца ад адміністрацыі СІЗА КДБ. Першы дакумэнт быў складзены Ўладзіславам Кавалёвым і яго адвакатам Станіславам Абразеем, падпісаны асуджаным і накіраваны на подпіс начальніку СІЗА КДБ. Пасьля гэтага лёс дакумэнта невядомы. Паводле Любові Кавалёвай, у адказах на яе скаргі і заявы ў КДБ, Генэральную пракуратуру і Вярхоўны суд няма ні слова пра гэтую даверанасьць і невядома, ці існуе наагул гэты дакумэнт.

Маці асуджанага расказала, што лісты ад Уладзіслава прыходзяць «добрыя, пазытыўныя». Акрамя сям’і, ён таксама піша сваім сябрам. Са спасылкай на словы адваката Кавалёва сказала, што настрой у сына палепшыўся.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны