Эштан заклікала да ўвядзення мараторыя на смяротную кару ў Беларусі
Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан заклікала да ўвядзення мараторыя на смяротную кару ў Беларусі.
"Тое, што смяротная кара ўсё яшчэ прымяняецца па суседстве з намі, гэта
жудасна. Я цалкам упэўнена ў неабходнасці ўвядзення глабальнага
мараторыя на смяротную кару, асабліва калі мы бачым яе (прымяненне) у
Беларусі, дзе сітуацыя пагаршаецца", — цытуе РІА Новости заяву Эштан,
зробленую 1 лютага ў Еўрапарламенце ў Бруселі.
Яна адказала на пытанне аднаго з парламентарыяў, якое яе стаўленне да
смяротных прыгавораў, вынесенных 30 лістапада ў Беларусі 25-гадовым
Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву за тэракт у мінскім метро
вясной 2011 года.
Як ужо паведамлялася, прыгавораны да смяротнай кары Канавалаў прызнаў
прыгавор у дачыненні да сябе законным. Другі фігурант па справе аб
тэракце Кавалёў раней падаў прашэнне аб памілаванні, у хуткім часе
павінна быць дадзена заключэнне па гэтым пытанні.
Тэракт адбыўся ў Мінску 11 красавіка 2011 года. У выніку 15 чалавек
загінулі, больш як 200 атрымалі раненні. Асноўным абвінавачваным па
справе праходзіў Канавалаў, які, як прызнаў суд, сканструяваў выбуховае
прыстасаванне, прынёс у метро і ўзарваў. Кавалёў, на думку суда, ведаў
аб рыхтаваным тэракце, але не паведаміў у праваахоўныя органы.
13 снежня ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі "Русская служба
новостей" Сяргею Дарэнку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кожны дзень
думае пра лёс Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
"Самая страшная функцыя — гэта калі ты падпісваеш указ, дзе чалавека
нельга памілаваць, — сказаў Лукашэнка. — Асабліва ў Беларусі, таму што ў
нас ёсць пажыццёвае зняволенне і выключная мера пакарання. І калі ёсць
хоць самае маленькае сумненне, хоць крышачку... Хаця пажыццёвае
зняволенне, як многія кажуць, гэта страшней, чым смяротная кара, таму
што чалавек у клетцы сядзіць, груба кажучы. Але тым не менш раптам ты
памыліўся і ўзяў на сябе?"
Паводле слоў Лукашэнкі, ён прыме рашэнне пра тое, памілаваць ці не
Канавалава і Кавалёва, пасля таго як яму прадставяць усе неабходныя
дакументы. Пры гэтым ён зазначыў, што спачатку ўсе дакументы праходзяць
праз спецыяльную камісію па памілаванні пры прэзідэнце.