Маці Уладзіслава Кавалёва звярнулася ў Канстытуцыйны суд
Маці прыгаворанага да смяротнай кары за саўдзел у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва звярнулася ў Канстытуцыйны суд Беларусі.
Як паведаміла Любоў Кавалёва, 1 лютага яна падала заяву ў Канстытуцыйны суд з тым, каб ён даў заключэнне аб прызнанні беларускага крымінальна-выканаўчага заканадаўства не адпаведным Канстытуцыі і міжнародным нормам. Размова ідзе пра тое, каб да разгляду Камітэтам ААН па правах чалавека звароту сям’і Кавалёвых прыгавор суда не быў прыведзены ў выкананне. Беларускае заканадаўства гэтага не прадугледжвае.
Таксама 1 лютага Любоў Кавалёва падала скаргу ў Генеральную пракуратуру Беларусі. Гэты дакумент тычыцца знікнення ў СІЗА КДБ ужо двух даверанасцяў, падрыхтаваных сынам і яго адвакатам, з дапамогай якіх маці магла б звяртацца ў міжнародныя інстанцыі. Першая даверанасць была падрыхтавана ў снежні 2011 года, другая — у студзені 2012 года.
Любоў Кавалёва таксама паведаміла, што сын і яго адвакат закончылі азнаямленне з пратаколамі судовых пасяджэнняў і маюць намер падрыхтаваць да іх заўвагі.
Апошні ліст ад Уладзіслава Любоў Кавалёва атрымала 30
студзеня. «Ліст аптымістычны», — сказала яна. Дагэтуль лістоў не было
больш як тры тыдні, але такую затрымку сам асуджаны на смяротную кару
тлумачыў працай па вывучэнні судовых пратаколаў.