Маці і сястра Уладзіслава Кавалёва даслалі каментары да скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН
Маці і сястра асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва накіравалі ў Камітэт па правах чалавека ААН свае аргументы да каментароў урада Рэспублікі Беларусь.
Па словах юрыста-праваабаронцы Рамана Кісляка, аспрэчванне довадаў Беларусі неабходна для прызнання скаргі прыймальнай і магчымасці далейшага яе разгляду па сутнасці. Згодна з практыкай Камітэта па правах чалавека ААН, ні скарга па нагляду, ні прашэнне аб памілаванні не лічацца ўнутранымі сродкамі прававой абароны, як гэта сцвярджаецца ў каментарах беларускага ўраду.
- Практыка паказвае, што асуджаны да смяротнага пакарання ў Беларусі даведваецца аб тым, што яму адмоўлена ў задавальненні скаргі ў парадку нагляду і прашэнні аб памілаванні за некалькі хвілін да пакарання. Бачна, што няма ніякай рэальнай магчымасці для смяротніка за гэтыя некалькі хвілін прадставіць у Камітэт па правах чалавека скаргу і дачакацца яе рэгістрацыі. Таму патрабаванне аб вычарпальнасці ўнутраных сродкаў да падачы скаргі ў ААН гучыць як здзек, - кажа Раман Кісляк.
Нагадаем, 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд Беларусі прыгаварыў Уладзіслава Кавалёва да смяротнага пакарання па абвінавачанні ў датычнасці да ўчынення тэрарыстычнага акту ў Мінску ў красавіку 2011 году.