Еўрапарламент абмяркуе праблему смяротнага пакарання ў Беларусі
Еўрапарламент на паседжанні 16 лютага абмяркуе праблему прымянення
смяротнага пакарання ў шэрагу краінаў, у тым ліку і ў Беларусі.
Як паведамляе прэс-служба Еўрапарламенту, абмеркаванне беларускага пытання
пройдзе ў святле прысуду, вынесенага Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу
Кавалёву. Любоў Кавалёва, маці аднаго з прыгавораных да расстрэлу, спадзяецца,
што настойлівыя рэкамендацыі Еўропы ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне
пачуюць улады Беларусі.
Жанчына ўзгадвае, што факты, якія яна агучыла падчас выступу ў Парламенцкай
Асамблеі Рады Еўропы 23 студзеня, шмат каго з еўрапейцаў шакавалі: «Хачу
сказаць, што там сачылі за працэсам у справе аб выбуху ў менскім метро, і там,
як і ў нас, людзі не вераць у справядлівасць суда і выраку».
Любоў Кавалёва гаворыць, што на сённяшні дзень пад петыцыяй з заклікам захаваць
жыццё ейнаму сыну і Дзмітрыю Канавалаву падпісаліся больш за 55 тыс. чалавек, а
пад петыцыяй ААН – больш за 65 тыс. Шмат беларусаў выказваюць словы маральнага
падтрымання, наўпрост падыходзячы на вуліцы, прапаноўваюць спыніцца на начлег,
калі яна прыязджае ў справе сына ў Менск, расказвае Любоў Кавалёва. «Днямі я
атрымала грашовы перавод, на якім было напісана «для Улада і ягонай мамы». Мне
так няёмка і сорамна. Я ведаю, як цяпер цяжка ўсім выжываць на гэтыя капейкі. І
калі людзі аддаюць апошняе… Ніякіх словаў не хопіць, каб выказаць падзяку гэтым
людзям», – плача Любоў Кавалёва.
Жанчына гаворыць, што не ведае, калі камісія ў справе памілаванні будзе прымаць
рашэнне адносна далейшага лёсу Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Яна
непакоіцца, каб паседжанне «не было такім жа фармальным, як і суд». «У адным з
інтэрв’ю Кісялёў, які ўзначальвае камісію ў справе памілавання, заявіў, што ўсе
смяротныя прысуды ў краіне выносіліся цалкам абгрунтавана. Ну дык пра што тут
яшчэ можна гаварыць?» – роспачна пытае Любоў Кавалёва. Жанчына прызнаецца, што
толькі людская салідарнасць і падтрыманне не даюць ёй згубіць надзеі.
Вярхоўны суд Беларусі 30 лістапада прызнаў Уладзіслава Кавалёва суўдзельнікам у
здзяйсненні тэракту і прысудзіў яго да смяротнага пакарання. 7 снежня асуджаны
падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Маці і сястра
Уладзіслава Кавалёва звярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН са скаргаю на
парушэнне права на жыццё і прынцыпаў справядлівага судовага разбірання. ААН
заклікала ўлады Беларусі не выконваць прысуду, пакуль гэтая скарга не будзе
разгледжана па сутнасці.
Дзмітрый Канавалаў, таксама прыгавораны ў справе аб выбуху ў менскім метро да
найвышэйшай меры, пісаць прашэнне аб памілаванні адмовіўся, паведаміў
журналістам генеральны пракурор Аляксандр Канюк.