Заява Прэзідэнта Еўрапарламента Марціна Шульца
"Працяглая галадоўка зняволенага актывіста апазіцыі
Сяргея Каваленкі падкрэслівае
парушэнні дэмакратычных прынцыпаў і адсутнасць
павагі да вяршэнства закона".
"Рукі беларускіх ўладаў будуць у крыві, калі ён памрэ".
Страсбург, 14 лютага 2012 г.
Шульц асуджае сітуацыю ў Беларусі і заклікае вызваліць Каваленку
Прэзідэнт Еўрапейскага Парламента Марцін Шульц сустрэўся сёння ў Страсбургу з камісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі еўрапейскага суседства Штэфанам Фюле і сярод іншых пытанняў абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі. Пасля сустрэчы Прэзідэнт Шульц зрабіў наступную заяву:
"Я ўсхваляваны няспынным пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі ў Беларусі.
Працяглая галадоўка зняволенага актывіста апазіцыі Сяргея Каваленкі падкрэслівае парушэнні дэмакратычных прынцыпаў і адсутнасць павагі да вяршэнства закона.
Жыццё Каваленкі цяпер пад пагрозай у сувязі з галадоўкай супраць яго незаконнага зняволення. Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго і забяспечыць яму неабходную медычную дапамогу.
Рукі беларускіх уладаў будуць у крыві, калі ён памрэ.
Я паўтараю свой заклік вызваліць і рэабілітаваць усіх астатніх палітычных зняволеных, у тым ліку двух былых кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Андрэя Саннікава, выбітнага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, апазіцыйных актывістаў Дзмітрыя Бандарэнку, Мікалая Аўтуховіча, Дзмітрыя Дашкевіча ды іншых.
Я таксама хацеў бы паўтарыць свой асабісты зварот да прэзідэнта Лукашэнкі аб памілаванні Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія чакаюць смяротнага пакарання, пасля таго як Вярхоўны Суд Беларусі зацвердзіў іх прысуд. Мы выступаем супраць смяротнага пакарання ў любых абставінах і заклікаем Беларусь, апошнюю краіну ў Еўропе, якая выкарыстоўвае яго, увесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Еўрапарламент выкажа глыбокую заклапочанасць па гэтых пытаннях у рэзалюцыі ў гэты чацвер.
Мы глыбока шкадуем, што такая пазіцыя ўладаў захоўвае адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам замарожанымі.
Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць лепшага. Еўрапарламент вельмі падтрымлівае грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя імкненні беларускага народу і заахвочвае ўлады ў Мінску пазітыўна адрэагаваць на прапанову Еўразвязу спрасціць візавы рэжым для беларускіх грамадзянаў».