Любоў Кавалёва: "Мяне падманулі. Спаткання з сынам я так і не дачакалася"

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці асуджанага за саўдзел у тэракце 11 красавіка да сьмяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва хацела скарыстацца правам на спатканне з сынам. У студзені  ёй не ўдалося прыехаць на спатканне, а ў лютым у СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваееца Уладзіслаў, спаткання ёй не далі.

Паводле словаў Кавалёвай, заяву на спатканьне ў СІЗА КДБ яна накіроўвала 9 лютага, але адказу на яе не атрымала. Калі прамінула належных па заканадаўстве 15 дзён, яна сама паехала ў Мінск, каб даведацца, на які дзень ёй дадзены дазвол. Было гэта 24 лютага, гаворыць Любоў Кавалёва:

"Я прыехала, патлумачыла сітуацыю – што дасылала пісьмовую заяву ад сябе, і другую – ад дачкі Тацяны. Пра тое, што спаткання мне не дадуць, мне ніхто не сказаў – параілі  прыйсці ў адзін з дзён, калі перадаюць перадачы – значыць,  29 лютага. Напярэдадні, 28 лютага, я нарэшце атрымала пісьмовы адказ з СІЗА КДБ. І там пра адмову не было ні слова, таму назаўтра я паехала ў Мінск,  маючы надзею нарэшце ўбачыць сына.  Аднак мне сказалі, што я магу толькі напісаць яшчэ адну заяву на спатканне. Такім чынам, у лютым я іх напісала дзве – 9 і 29,  а спаткання ў гэтым месяцы не атрымала ніводнага".

Любоў Кавалёва кажа, што ёй паведамілі пра зусім іншы парадак атрымання дазволу на спатканне. Так, перад спатканнем у студзені яны з дачкой Тацянай дасылалі пісьмовыя заявы, і гэтага было дастаткова – сустрэчы былі дазволеныя. Цяпер ёй заявілі, што і яна, і дачка мусяць падаваць заявы ўласнаручна – поштай дасылаць іх нельга. Да таго ж і асуджаны Уладзіслаў Кавалёў мусіць падаць заяву на спатканне з роднымі.

"А ён жа пра гэта нічога не ведае! Раней такога не было! Я адразу ж 29 лютага дала яму тэлеграму, што патрабуецца і ягоная заява. І тут жа адправіла яму ліст, і Тацяна напісала яму з дому, каб пісаў паперу на дазвол. Але ж я не ўпэўненая, што яму перададуць тэлеграму і лісты, бо нешта змянілася ў агульным стаўленні да нашай сям'і", -- распавядае Любоў Кавалёва.

Яна гаворыць, што яе здзівіў агульны тон адказу на заяву пра спатканне:

"Я заўжды пішу, што мой сын несправядліва абвінавачаны і асуджаны. Дагэтуль маіх словаў нібыта не заўважалі. А тут напісалі – маўляў, у СІЗА КДБ не сядзяць несправядліва абвінавачаныя ды асуджаныя!  Але ні слова не напісалі пра спатканне, і я дагэтуль не магу дачакацца адказу пра тое, куды падзеліся даверанасці, напісаныя Уладзіславам і яго адвактам, якія мусіла падпісаць кіраўніцтва СІЗА КДБ!"

Маці Уладзіслава Кавалёва неабходна мець гэтыя даверанасці, каб прадстаўляць інтарэсы сына ў розных інстанцыях, у тым ліку міжнародных. Першая даверанасць была напісана 7 снежня мінулага году, другая – 6 студзеня ўжо сёлета. Куды яны падзеліся, Любоў Кавалёва не ведае. На запыты, ці падпісала іх начальства СІЗА КДБ і ці не згубіліся гэтыя дакументы, ніякага адказу няма ўвогуле."Гэта нібыта забароненая тэма – мне ні слова ў адказ!"—кажа Любоў Кавалёва.

Смяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву быў вынесеныВярхоўным судом 30 лістапада 2011 года.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны