Зянон Пазняк пра смяротнае пакаранне

У вызначэньне сьмяротнага пакараньня, прысуджанага судом, ня трэба ўблытваць хрысьціянскую рэлігію. Хрысьціянства тут кіруецца двума палажэньнямі: “не забівай” і “каралю каралёва, Богу – Богава”. Забіваць нельга. Але, нават калі нехта забіў, вэрдыкт кары выносіць не рэлігія, а сьвецкая (дзяржаўная) улада на падставе закону.

Па Старым Запавеце забойца падлягаў сьмерці (па прынцыпу: “вока – за вока, зуб за зуб” і па закону: “якой мерай табе адмерылі, такой і ты адмерай”). Наканаванасьць вэрдыкту ўтрымлівалася ў самой габрэйскай рэлігіі (“прынцып таліёна”). Хрысьціянства пакінула вызначэньне сьмяротнай кары сьвецкай уладзе.

Фармальна так было заўсёды, нават за часы ўсямоцнасьці Папы і духоўнай улады Ватыкана. Сьмяротнага прысуду інквізытары не прысуджалі (і не маглі прысуджаць, Хрысьціянства тое забараняе). Вінаватага, калі той не каяўся і не прызнаваў сваёй віны, адлучалі ад Касьцёла, прызнавалі адступнікам (ерэтыком) і перадавалі сьвецкай ўладзе, каб яна пакарала яго, як палічаць адпаведным.

Зразумела, што тады, калі хрысьціянства змагалася з гермэтычнымі ведамі і ерасямі, высновы інквізыцыі мелі вырашальнае значэньне. Сьвецкі суд часта рабіў прысуд вядома які. (Дарэчы, якраз як ў рэжыме лукашызма, дзе, калі хто супраць рэжыму, то  суд пакарае і бязрукага, бо ў далоні пляскаў, і нямога, бо “крычал”.)

Пры даказанасьці віны вінаватага сэнсавае і сутнаснае значэньне мае тое, што суд кіруецца законам на падставе справядлівасьці. Справядлівасьць у судзе патрабуе вызначэньня кары для вінаватага і тым самым сатысфакцыі для пацярпелага. У выпадку забойства поўная сатысфакцыя немагчымая, але максымальнай мерай яе заспакаеньня ёсьць сымэтрычны прынцып адпаведнасьці (мера крыві).

У грамадзтвах, дзе справядлівага суду не было, сатысфакцыя “па крыві” дасягалася кроўнай помстай. Кроўная помста абавязвала забіць забойцу.

У грамадзтве, дзе чалавечае жыцьцё высока цанілася, але вырак суду (ці закон) ня быў справядлівым (парушаны прынцып сатысфакцыі), тады несправядлівы суд мог  cправакаваць дзеяньні самасуду. (Мы назіраем цяпер такое ў Расеі, на Каўказе, і нават ёсьць выпадкі ў Беларусі.)

Няразьвітасьць прававых катэгорыяў і дзікасьць нораваў у манархісцкай сярэднявечнай Эўропе (акрамя Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларуская сыстэма права была для таго часу больш дасканалай) прыводзіла да непапраўных памылак, бо вяршыняй доказу віны лічылася прызнаньне вінаватага, якое выцягвалі звычайна катаваньнем асобы. (У Заходняй Эўропе на тым узроўні права, якое там было, прызнаньне падсуднага лічылася галоўнай ўлікай, і катаваньне было нормай.) У выніку – сьмяротна пакараным мог апынуцца невінаваты (бо чалавек не вытрымлівае катаваньняў).

У ХХ-м стагодзьдзі рускія бальшавікі, калі праводзілі генацыд народаў, дэмагагічна ўвялі гэты састарэлы заганны прынцып у абсалют дзеля абгрунтаваньня рэпрэсіяў (“прызнаньне – царыца доказаў” – Вышынскі).

У наш час сымэтрычны прынцып адпаведнасьці (сатысфакцыі па крыві) выявіўся зь небясьпечнага боку ў выніку недасканаласьці судоў і судовых памылак, калі пакараныя сьмерцю былі невінаватыя асобы.

З разьвіцьцём дэмакратыі (і асабліва крызыснай яе фазы, абапертай на лібэральных каштоўнасьцях) прынцып справядлівасьці і сымэтрычнай адпаведнасьці пакараньня па крыві быў адкінуты як (на думку некаторых маралістаў) недасканалы і вельмі жорсткі. Галоўнымі аргумэнтамі прыняцьця такіх праўных уяўленьняў былі якраз памылкі судоў і абстрактнае псэўдагуманнае разважаньне аб каштоўнасьці чалавечага жыцьця. Сьмяротнае пакараньне за забойствы (за сьведамыя забойствы) шмат дзе было адменена. Тым самым быў ліквідаваны прынцып сымэтрыі і адпаведнасьці пакараньня. Лібэральны суд у дачыненьні да “крымінальнай” сьмерці, фактычна, ураўняў ацэнкі пацярпелага і злачынцы, вінаватага і невінаватага, забітага і забойцы і на справе стаў на бок злачынцы. Быў парушаны фундамэнтальны прынцып справядлівасьці.

Цяпер якраз (ужо доўгі час) ідзе змаганьне паміж праўным (традыцыйным) і лібэральным падыходамі суда ў справе пакараньня за забойства людзей.

Можна яшчэ адзначыць асаблівую ідэалягічную агрэсіўнасьць лібэральнага суда ў гэтым пытаньні. У Злучаных Штатах Амэрыкі, напрыклад, навукова прызнана, што сьмяротнае пакараньне ёсьць стрымліваючым фактарам забойства, але тым ня менш (не зважаючы на фэдэральны закон) сьмяротнае пакараньне адмянілі ў 15 штатах (30%). У цэлым амэрыканская Фэміда застаецца прыхільнай да традыцыйных прынцыпаў справядлівасьці, абараняючы пацярпелага. Але частка грамадзтва (30 % -- гэта шмат) трымаецца лібэральнага падыходу ўраўненьня дабра і зла, дзе злачынца карыстаецца часам большымі правамі, чым пацярпелы.

У падрэжымнай Беларусі захоўваецца клясычная праўная сыстэма справядлівасьці ў дачыненьні да забойства і сымэтрычны прынцып адплаты, нягледзячы на тое, што рэжымная судовая сыстэма практычна поўнасьцю страціла сваю самастойнасьць і ператварылася ў рэпрэсіўную машыну ў руках узурпатара ўлады.

У гэтых умовах неадэкватныя патрабаваньні некаторых лева-лібэральных палітыкаў з Захаду да рэжыму Лукашэнкі аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня за забойствы людзей выглядаюць вартымі жалю. Ні лукашысцкі рэжым у Беларусі, ні гэбісцкі рэжым у Расеі не ліквідуюць сваіх палітычных праціўнікаў праз судовую ўладу. Яе выкарыстоўвалі Ленін, Сталін і ўвогуле – камуністы. Дзеля забойства палітычных апанэнтаў гэбізм у Расеі выкарыстоўвае крымінальную сыстэму кілераў, лукашызм у Беларусі – дзяржаўную (але пазапраўную) сістэму спэцслужбаў (“эскадроны сьмерці” і т. п.). У Расеі кілерскае забойства, у Беларусі – “зьніклыя” палітыкі. Судовая ўлада і там, і тут ў палітычныя забойствы ня ўключаная, хоць і дзейнічае як рэпрэсіўны апарат дыктатуры. (Дарэчы, з 2011 года ў Расеі з увядзеньнем судоў прысяжных зноў вернутая кара сьмерцю).

Людзі, якія абстрактна шкадуюць жыцьцё забойцы і няўпэўненыя ў судовай дасканаласьці, прапануюць замяніць сьмяротную кару пажыцьцёвым зьняволеньнем злачынцы. Тады застаецца верагоднасьць (хоць са спазьненьнем) выправіць магчымыя судовыя памылкі. Тут ёсьць рацыянальны падыход, і ў стабільнай праўнай дзяржаве са стабільнай пераемнасьцю ўлады, гэта – прыймальнае рашэньне, калі створаныя гарантыі яго выкананьня.

У рэжыме карумпаванай дыктатуры “пажыцьцёўка” – гэта горшы варыянт, бо неўзабаве (і як правіла) забойца можа апынуцца на волі, што будзе сьведчыць пра зьдзек над справядлівасьцю і правакаваць на самасуд (як тое адбываецца ў Расеі – забойства Буданава і т.п.).

Увогуле, калі прааналізаваць прапановы, што ідуць у бок антыбеларускага рэжыму з Заходняй Эўропы (якая ўпарта называе гэты рэжым “беларускім”), то бальшыня зь іх, на жаль, альбо бязглуздыя, альбо заведама непрымальныя як для рэжыму, так і для дэмакратыі. Сярод іх і абстрактная прапанова забараніць у Беларусі сьмяротнае пакараньне за забойства. (Яны думаюць, што ў гэтым выяўляецца “дэмакратыя”).

У вольнай дэмакратычнай (нелібэральнай) Беларусі (дзе ва ўладзе будуць разумныя людзі) сьмяротнае пакараньне застанецца (павінна застацца!) як выключная мера для выключнага злачынства, спраўца якога ёсьць пастаянна небясьпечным для грамадзтва. Дзеля гэтага мусіць быць распрацаваная спэцыяльная вельмі строгая праўная судова-сьледчая і кантрольная працэдура, якая прадухіляла б судовыя памылкі (галоўны аргумэнт супраць сьмяротнага пакараньня). Прытым працэдура павінна выконвацца цалкам і да канца, незалежна ад відавочнасьці і відавочнай даказанасьці злачынства.

(Прыкладам можа быць справа Цімаці Маквэя і тэракту ў амэрыканскім горадзе Аклахома-Сіці ў 1995 годзе. Велізарная сьледчая і судова-працэсуальная праца па гэтым злачынстве ўражвае сваім маштабам і глыбінёй. Доказамі і ўлікамі былі зачынены ўсе шчыліны для маніпуляцыйнай лёгікі абароны падсуднага, хаця злачынства было відавочным і даказаным, а сам тэрарыст ганарыўся сваім учынкам (168 забітых) і называў сябе ваяром у змаганьні з амэрыканскай дзяржавай. Вэрдыкт аб сьмяротным пакараньні (ін’екцыі) быў вынесены ў 1997 годзе і толькі ў 2001 годзе прэзыдэнт ЗША адобрыў сваім подпісам рашэньне суда).

Дасканала мусіла быць распрацавана праўна-сьледчая і судовая працэдура асуджэньня на пажыцьцёвае зьняволеньне, якое ў шматлікіх выпадках павінна замяніць сьмяротнае пакараньне. Але, як я ўжо адзначыў, дакладнае выкананьне такога прысуду шмат залежыць ад тыпу ўлады ў краіне, ад дачыненьняў унутры ўлады і ад стабільнасьці грамадзкай сыстэмы, якая здольная забясьпечваць пераемнасьць і плаўнасьць уладных пераменаў. Дыктатура такога забясьпечыць ня можа, бо стабільны там толькі гвалт над законам і асобай.

Усе гэтыя задачы прыйдзецца вырашаць ужо ў вольнай Беларусі пасьля ліквідацыі цёмнага рэжыму і антыбеларускай улады.

Чытаць цалкам

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны