Камісія разгледзела прашэнні аб памілаванні Кавалёва, Саннікава і Бандарэнкі
Зараз іх лёс залежыць выключна ад кіраўніка краіны.
Камісія па памілаванні пры прэзідэнце днямі збіралася на сваё чарговае пасяджэнне. Сярод іншых сябры камісіі разгледзелі прашэнні аб памілаванні асуджанага на смерць Уладзіслава Кавалёва, а таксама экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сябра камісіі Мікалай Самасейка. Вось толькі пра тое, якое рашэнне прыняла камісія, ён казаць адмовіўся.
Самасейка: “Датычна пасяджэння камісіі па памілаванні я ніякіх каментароў даваць не буду. Ні па Саннікаву, ні па тэрарыстах, ні па іншых значных ці нязначных справах. Усё з’явіцца ў прэсе — гэта кампетэнцыя прэзідэнта”.
Калі стане вядома рашэнне кіраўніка краіны, не вядома.
Нагадаем, 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд асудзіў Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава на смерць за тэракт у сталічным метро. Кавалёў напісаў на імя кіраўніка краіны прашэнне аб памілаванні яшчэ на пачатку снежня 2011 года. Палітвязень Андрэй Саннікаў напісаў прашэнне аб памілаванні летась 20 лістапада. А яшчэ адзін палітвязень Зміцер Бандарэнка быў змушаны напісаць прашэнне 1 лютага.