Праваабаронцы – за неадкладнае ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі

14 сакавіка бягучага года ў сродках масавай інфармацыі з’явілася інфармацыя аб тым, што Аляксандр Лукашэнка адмовіў у памілаванні Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.

Правабарончы цэнтр “Вясна” шкадуе аб адхіленні памілавання Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.

Мы лічым абсалютна недапушчальным выкарыстанне такога віду пакарання, як смяротная кара. Сваім рашэннем улады Беларусі дэманструюць непрыняцце агульнапрызнаных прынцыпаў гуманізму і каштоўнасці чалавечага жыцця. Ніякае злачынства не можа быць апраўданнем для здзяйснення забойства нават ад імя дзяржавы.

Беларусь - апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захаваўся такі від пакарання, як смяротнае.

Мы звяртаем увагу на тое, што родныя Уладзіслава Кавалева асабіста звярталіся з заклікам прыняць рашэнне аб памілаванні, а таксама на рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека аб прыпыненні выканання пакарання ў рамках спецыяльнай працэдуры.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” асобна звяртае ўвагу на той момант, што прадстаўнікі рэлігійных канфесіяў Беларусі таксама выказваліся ў падтрымку памілавання асуджаных да смяротнага пакарання.

Істотна важнай з’яўляецца і думка вялікай часткі беларускага грамадства, якая выказвалася за невыкарыстанне смяротнага пакарання ў дачыненні да Кавалёва і Канавалава. Безумоўна, менавіта ў абавязкі дзяржавы ўваходзіць выхаванне грамадства і набліжэнне яго да агульных прынцыпаў гуманізму, як гэта прынята у Еўропе. Дзяржава не павінна слепа абапірацца на пазіцыю той часткі грамадства, якая падтрымлівае такі від пакарання, як смяротная кара.

Беларусь павінна падзяляць каштоўнасці, прынятыя ў выключнай большасці краінаў свету.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае беларускія ўлады не прыводзіць у выкананне прысуд Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь у дачыненні да Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава і неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі, што будзе расцэньвацца як ў краіне, так і ва ўсім свеце як акт гуманізму з боку ўлады Беларусі.

15 сакавіка 2012 года

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны