Любоў Кавалёва заклікала Лукашэнку ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне

Любоў Кавалёва, маці прысуджанага да расстрэлу Уладзіслава Кавалёва, а таксама беларускія праваабаронцы заклікаюць Аляксандра Лукашэнку тэрмінова ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Любоў Кавалёва:

- Да Лукашэнкі я тройчы звярталася і зараз яго прашу, калі гэта магчыма, увесці мараторый. Усё ж такі пераглядзець сваё рашэнне – памілаваць хлопцаў. Яны не вінаватыя. Яны не рабілі гэтага злачынства. Ім гэта абсалютна не патрэбна было. Віна хлопцаў не была даказана ў судзе. І выносіць такі нечалавечы прысуд у наш час гэта проста неймаверна.

Любоў Кавалёва сказала, што яна працягне звяртацца ва ўсе магчымыя інстанцыі, каб абараніць сына. Напрыклад, у Савет Еўропы, а таксама да кіраўніцтва Расіі. Яна спадзяецца, што гэта можа спыніць выкананне смяротнага пакарання ў дачыненні яе сына, а таксама Дзмітрыя Канавалава і паспрыяць увядзенню мараторыя.

* * *

Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якія прыгавораны да смяротнага пакарання за тэрарызм, няма ў следчым ізалятары КДБ і ў следчым ізалятары Міністэрства ўнутраных спраў на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Пра гэта распавяла Любоў Кавалёва, маці асуджанага, якая тэрмінова прыехала ў Мінск пасля адмовы Аляксандра Лукашэнкі памілаваць Канавалава і Кавалёва.

- Спачатку трэба знайсці сына. Яго нідзе няма. Учора адвакат паспрабаваў сустрэцца, яго не пусцілі. У СІЗА адмову ўвогуле нічым не патлумачылі. Сёння сказалі, што ён этапіраваны з СІЗА. Адвакат з’ездзіў на Валадарку, дзе яму таксама сказалі, што з такім прозвішчам вязня ў іх няма. Мы нават не ведаем, дзе ён і ці жывы.

Любоў Кавалёва разам з адвакатам збіраецца яшчэ раз наведаць следчы ізалятар КДБ і сустрэцца з яго кіраўніцтвам, каб высветліць месца знаходжання і лёс сына.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны