Адвакат Уладзіслава Кавалёва падаў у Вярхоўны суд наглядную скаргу
Паводле маці Уладзіслава Кавалёва, асуджанага за тэракт у мінскім метро да смяротнага пакарання, у гэтай скарзе пададзены кароткі пералік парушэнняў заканадаўства па справе "тэрарыстаў". Таксама ў ёй напісана, што абарона рыхтуе яшчэ адну, дадатковую наглядную скаргу, але пасля таго, як Станіслаў Абразей зможа ўдакладніць пэўныя акалічнасці са сваім падабаронным.
"У дадатковай скарзе будуць поўна апісаны ўсе акалічнасці, усе парушэнні заканадаўства, якія мусяць прывесьці да неадкладнай адмены прысуду", -- так напісана ў скарзе. Мы просім адмены прысуду, і каб справа была накіравана на новае судовае разбіральніцтва. Таксама просім прыпыніць выкананне прысуду", - распавяла Любоў Кавалёва.
14 сакавіка адвакат спрабаваў атрымаць спатканне з Уладзіславам Кавалёвым, але яго не пусцілі да падабаронага. Увечары таго ж дня было абвешчана, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
15 сакавіка Станіслава Абразея зноў не дапусцілі ў СІЗА КДБ: яму заявілі, што там не ўтрымліваецца асуджаны па прозвішчы Кавалёў.
"Я буду пісаць заяву ў СІЗА КДБ, каб мне сказалі, дзе мой сын, калі яго некуды перавялі. Нягледзячы на адмову ў памілаванні, мы гатовыя на любыя захады, каб уратаваць Уладзіслава", - кажа маці асуджанага.