Любоў Кавалёва просіць адтэрмінаваць сьмяротную кару для сына

Маці Ўладзіслава Кавалёва, асуджанага за тэракт у менскім мэтро, напісала прашэньне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Яна просіць адкласьці выкананьне сьмяротнага прысуду, пакуль зварот яе сына не разгледзяць у ААН.

«Я прашу даць загад адпаведнай арганізацыі, якая займаецца выкананьнем пакараньняў. Напісала так: „Калі ласка, дайце магчымасьць майму сыну дачакацца вынікаў звароту ў ААН. Прашу прыпыніць сьмяротную кару хаця б на адзін год“. Адправіла гэты зварот заказным лістом і факсам», — паведаміла Любоў Кавалёва.

16 сакавіка яна зьбіраецца наведаць сьледчы ізалятар КДБ, каб сустрэцца з яго кіраўніцтвам, і высьветліць месца знаходжаньня і лёс сына.

15 сакавіка адвакату Станіславу Абразею паведамілі, што зьняволенага па прозьвішчы Кавалёў у турме КДБ няма, гэтаксама адвакату не ўдалося сустрэцца з падабаронным і цягам дня 14 сакавіка.

Даведаўшыся пра тое, што Аляксанадр Лукашэнка адмовіў у памілаваньні абвінавачаным за тэрарызм, Любоў Кавалёва ў прысутнасьці журналістаў заявіла, што лічыць неабходным увесці ў Беларусі мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Яна спадзяецца, што праз СМІ яе словы дойдуць да Аляксандра Лукашэнкі:

«У адміністрацыю я зьвярталася тройчы, прасіла і пра асабістую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, але безвынікова. І зараз яго прашу, калі гэта магчыма, увесьці мараторы. І пераглядзець сваё рашэньне — памілаваць хлопцаў. Віна хлопцаў не была даказана ў судзе. І выносіць такі нечалавечы прысуд у наш час гэта проста неверагодна».

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны