Міжнародная назіральная місія аб выкананні смяротных прысудаў

Міжнародная назіральная місія Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі
Міжнародная назіральная місія Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі

Заява № 13 "Аб прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў у Рэспубліцы Беларусь"

Дзейнічаючы па даручэнні Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі (КМК), які аб'ядноўвае прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый краінаў АБСЕ і міжнародных грамадзянскіх сетак і арганізацый;

ажыццяўляючы маніторынг агульнай сітуацыі з захаваннем фундаментальных правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь;

падкрэсліваючы, што правы чалавека з'яўляюцца прадметам прамой і законнай заклапочанасці міжнароднай грамадзянскай супольнасці;

заклікаючы ўлады Беларусі прытрымлівацца ўзятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, у прыватнасці, гарантаваць захаванне права на жыццё,

Міжнародная назіральная місія:

1. Выказвае спачуванні родным і блізкім Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава ў сувязі з тым, што 17 сакавіка 2012 года стала вядома аб прывядзенні ў выкананне вынесеных у дачыненні да іх смяротных прысудаў.

2. Зноў выказвае глыбокае спачуваньне ўсім родным і блізкім ахвяраў тэрарыстычнага акта, здзейсненага ў Мінскім метрапалітэне 11 красавіка 2011, а таксама ўпэўненасць у тым, што вінаватыя ў яго здзяйсненні павінны панесці пакаранне ў адпаведнасці з нормамі нацыянальнага заканадаўства і міжнароднага права.

3. Шкадуе, аднак, пра тое, што прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка не выкарыстаў прадстаўленае яму законам права і не задаволіў прашэнне аб памілаванні Уладзіслава Кавалёва, нягледзячы на шырокі грамадскі рэзананс і шматлікія заклікі з боку міжурадавых арганізацый.

4. Нагадвае, што ў Рэспубліцы Беларусь смяротныя прысуды выносяцца Вярхоўным судом і адсутнічае механізм іх судовага абскарджання, што супярэчыць п.6 "Захадаў, якія гарантуюць абарону правоў тых, хто асуджаны да смяротнага пакарання", зацверджаным ЭКАСАС ААН ("Кожны прысуджаны да смяротнага пакарання мае права падачы апеляцыі ў суд вышэйшай інстанцыі, прычым неабходна прыняць меры для таго, каб такія апеляцыі сталі абавязковымі ").

5. Падкрэслівае, што выкананне дадзенага смяротнага прысуду стала яшчэ адным парушэннем з боку Беларусі прынятых ёю на сябе міжнародных абавязаніцтваў у галіне правоў чалавека і вяршэнства права, паколькі выкананне пакарання ў дачыненні да асуджаных, якія звярнуліся са скаргай на парушэнне сваіх правоў у Камітэт ААН па правах чалавека, павінна прыпыняцца на тэрмін разгляду гэтых скаргаў. Дадзенае патрабаванне ў выпадку з Уладзіславам Кавалёвым было парушана, гэтаксама, як і ў шэрагу іншых нядаўніх выпадкаў (у тым ліку, з Алегам Грышкаўцовым і Андрэем Бурдыкам ў 2011 годзе).

У сувязі з вышэйпаказаным, Міжнародная назіральная місія звяртаецца:

- Да ўладаў Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем неадкладна ўвесці мараторый на выкананне смяротных прысудаў у якасці першага кроку на шляху да поўнай адмены вышэйшай меры пакарання як негуманнай і неэфектыўнай, што ўжо было зроблена пераважнай большасцю дзяржаваў-удзельніц АБСЕ і неаднаразова рэкамендавана Беларусі міжурадавымі арганізацыямі, у тым ліку, Саветам ААН па правах чалавека ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду (2010 г.), у рэкамендацыях дакладу па выніках Маскоўскага механізму АБСЕ (2011 г.) і Заключных заўвагах Камітэта ААН супраць катаванняў (2011 г.);

- Да дзяржаваў-удзельніц АБСЕ з заклікам прыкласці ўсе магчымыя намаганні для поўнай і канчатковай адмены смяротнага пакарання на ўсёй тэрыторыі АБСЕ, уключаючы Беларусь, у адпаведнасці з палажэннямі Рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ "Мараторый на смяротнае пакаранне і меры на шляху да ейнай адмены" (Вільнюс , 19 чэрвеня - 3 ліпеня 2009 г.);

- Да ўладаў Злучаных Штатаў Амерыкі з асобным заклікам праявіць палітычную волю і адмяніць вышэйшую меру пакарання на ўзроўні федэральнага заканадаўства, тым самым зрабіўшы свой унёсак у дасягненне мэты канчатковай адмены смяротнага пакарання на ўсёй тэрыторыі АБСЕ і падаўшы станоўчы прыклад Рэспубліцы Беларусь;

- Да нацыянальных і міжнародных няўрадавых арганізацый прасторы АБСЕ з заклікам пачаць шырокую міжнародную грамадскую кампанію за поўную і канчатковую адмену смяротнага пакарання на тэрыторыі нашых краін.

19 сакавіка 2012 г.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны