Хэльсынскі фонд Польшчы асуджае сьмяротную кару ў Беларусі

Хэльсынскі фонд правоў чалавека Польшчы выказвае абурэньне ў сувязі з пакараньнем сьмерцю Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава і заклікае ўлады Беларусі неадкладна ўвесьці мараторый на выкананьне сьмяротнай кары.

У адкрытым лісьце за подпісам старшыні фонду Дануты Пшывара сьцьвярджаецца, што «Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, якая захавала выкананьне сьмяротнай кары, што падкрэсьлівае неабходнасьць ўвядзеньня мараторыя і перагляду нацыянальнага заканадаўства ў гэтай вобласьці».

Польскі Хэльсынскі фонд правоў чалавека нагадвае, што «Рэспубліка Беларусь, як дзяржава, якая ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і першы Факультатыўны пратакол да яго, прызнала кампэтэнцыю Камітэту па правах чалавека ААН прымаць і разглядаць індывідуальныя паведамленьні аб парушэньні грамадзянскіх правоў. Падкрэсьліваем, што выкананьне сьмяротнага выраку ў адносінах да Ўладзіслава Кавалёва, пакуль яго індывідуальнае паведамленьне аб парушэньні права на жыцьцё яшчэ разглядаецца ў Камітэце, зьяўляецца чарговым парушэньнем міжнародных абавязкаў, якія ўзяла на сябе Беларусь, што вельмі нэгатыўна адбіваецца на абліччы краіны».

У адкрытым лісьце Хэльсынскі фонд Польшчы нагадвае, што «Камітэт па правах чалавека ААН неаднойчы прызнаваў, што сытуацыя поўнай сакрэтнасьці ў адносінах даты пакараньня і месца пахаваньня і адмовы ў выдачы цела для пахаваньня раўнацэнныя запалохваньню альбо пакараньню сваякоў і блізкіх асуджаных.»

Хэльсынскі камітэт Польшчы заклікае выдаць целы пакараных сьмерцю іх сем’ям і неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротную кару, «што будзе расцэньвацца як акт гуманізму і вызнаньня агульначалавечых каштоўнасьцяў».

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны