Amnesty International: Беларусь павінна выдаць целы пакараных за выбух у менскім метро

Amnesty International асуджае расстрэл двух мужчынаў, асуджаных за леташні смяротны выбух у менскім метро, заклікаючы ўлады Беларусі выдаць іх целы сем’ям для пахавання.

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі асуджаныя да смерці 30 лістапада пасля таго, як былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні выбуху ў красавіку мінулага года, у выніку якога 15 чалавек былі забітыя і больш за 300 параненыя.

Судовы працэс быў моцна раскрытыкаваны, бо не адпавядаў міжнародным стандартам справядлівага судовага разбіральніцва. Прысуды былі вынесеныя Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь, што не пакінула магчымасці абскарджання ў вышэйстаячым судзе. “Нягледзячы на публічныя заявы пра намеры адмяніць смяротнае пакаранне, беларускі ўрад працягвае выносіць смяротныя прысуды і караць смерцю зняволеных”, — сказаў Джон Далхусэн, дырэктар Amnesty International па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

“Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павінен неадкладна абвясціць мараторый на смяротнае пакаранне, у адпаведнасці з паслядоўнымі рэзалюцыямі Генеральнай Асамблеі ААН, якія заклікаюць да глабальнага мараторыю. Акрамя таго, беларускія ўлады мусяць выдаць целы сем’ям абодвух мужчынаў”, — дадаў ён.

У 2003 годзе Камітэт ААН па правах чалавека вынес рашэнне па справе двух іншых пакараных зняволеных, згодна з якім сакрэтнасць, якая атачае смяротнае пакаранне ў Беларусі, з’яўляецца пакараннем і бесчалавечныя абыходжаннем у дачыненні да сем’яў расстраляных.

Расстрэл Уладзіслава Кавалёва адбыўся, нягледзячы на афіцыйную просьбу Камітэта ААН па правах чалавека не выконваць яго, пакуль яго заява не будзе разгледжаная Камітэтам.

Дакладная дата пакарання Кавалёва і Канавалава не вядомая, але ў суботу маці Уладзіслава Кавалёва Любоў атрымала ліст з Вярхоўнага суда ад 16 сакавіка, у якім паведамлялася, што яе сын быў пакараны смерцю. Расстрэлы былі таксама пацверджаныя дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі.

Любоў Кавалёва, якая праводзіць кампанію за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі, у апошні раз бачыла свайго сына, калі яна наведала яго ў следчым ізалятары ў Менску 11 сакавіка. Двое мужчын былі пазбаўленыя памілавання Прэзідэнтам Лукашэнкам 14 сакавіка.

Ліст, накіраваны Любові Кавалёвай, з’яўляецца незвычайнай практыкай. У мінулым афіцыйнае апавяшчэнне пра тое, што смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне, не дасылалася сваякам цягам некалькіх тыдняў ці месяцаў пасля падзеі.

Целы не выдаюцца сем’ям, а месца пахавання трымаецца ў сакрэце, што спрычыняецца да далейшых пакутаў сваякоў.

Сястра Уладзіслава Кавалёва Таццяна распавяла Amnesty International, што сілы бяспекі спрабавалі прадухіліць любыя праявы жалобы каля жылога дома ў горадзе Віцебску, дзе жыве яе сям’я, у тым ліку ўскладанне кветак і запальванне свечак. Тым не менш, каля 30 чалавек пакінулі свечкі ля ўваходу ў будынак.

Справа Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва атрымала шырокі розгалас ў сродках масавай інфармацыі ў Беларусі.

Дзмітрый Канавалаў быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні тэрактаў і вытворчасці выбуховых рэчываў у сувязі з серыяй выбухаў у Беларусі, у тым ліку апошнім тэрактам у Менску.

Уладзіслаў Кавалёў быў прызнаны вінаватым у аказанні яму дапамогі і неданясенні ўладам.

Расце грамадская крытыка датычна следства і суда Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Маці Уладзіслава Кавалёва заявіла аб тым, што абодва мужчыны былі збітыя падчас допыту.

Няма рэчавых доказаў датычнасці Дзмітрыя Канавалава або Уладзіслава Кавалёва да выбуху і ніякіх слядоў выбуховых рэчываў не было выяўлена ні на адным з іх. Эксперты прыйшлі да высновы, што для іх было б немагчыма падрыхтаваць выбухоўку ў падвале, які яны, як мяркуецца, выкарысталі.

Любоў Кавалёва лічыць, што хуткасць, з якой было выканана пакаранне, з’яўляецца помстай за яе спробы змагацца за свайго сына.

Беларусь з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе і былым Савецкім Саюзе, якая па-ранейшаму прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды.

Асуджаныя зняволеныя папярэджваюцца пра маючыя адбыцца расстрэлы, і ён, як правіла, выконваецца цягам некалькіх хвілін пасля таго, як ім кажуць, што іх прашэнне пра памілаванне было адхіленае.

Іх спачатку дастаўляюць ў пакой, дзе ў прысутнасці кіраўніка следчага ізалятара, пракурора і яшчэ аднаго супрацоўніка Міністэрства ўнутраных справаў  ім кажуць, што іх прашэнне пра памілаванне было адхіленае і што прысуд будзе прыведзены ў выкананне.

Потым іх адводзяць у суседні пакой, дзе ставяць на калені і страляюць у патыліцу.

 

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны