Заява БХК у сувязі з расстрэлам Канавалава і Кавалёва.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт глыбока шкадуе аб прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
Смяротнае пакаранне - гэта бесчалавечны від пакарання, які робіць грамадства жорсткім .
Большасць дзяржаў ужо адмовіліся ад прымянення пакарання смерцю. Беларусь застаецца апошняй у Еўропе краінай, якая не адмяніла такую меру пакарання.
Акрамя таго, скарга Уладзіслава Кавалёва на парушэнне права на жыццё знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. У чарговы раз Беларусь праігнаравала просьбу Камітэта не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду справы па сутнасці.
Гэта зводзіць на нішто канстытуцыйныя гарантыі права грамадзян звяртацца з мэтай абароны сваіх правоў і свабод у міжнародныя арганізацыі, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны (арт. 61 Канстытуцыі).
Смуткуючы па ахвярам тэракту 11 красавіка 2011 года, БХК выказвае свае спачуванні сваякам Канавалава і Кавалева і заклікае ўлады Беларусі да хутчэйшага ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.