Любоў Кавалёва просіць, каб ёй аддалі цела расстралянага сына

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці абвінавачанага за тэракт і расстралянага паводле рашэння Вярхоўнага суду Уладзіслава Кавалёва накіравала лісты да Аляксандра Лукашэнкі. Яна просіць аддаць ёй цела сына.

Заказны ліст у прэзідэнцкую адміністрацыю яна накіравала 22 сакавіка, яшчэ раз прадублявала свой зварот 23 сакавіка – ужо факсам.

Любоў Кавалёва неаднаразова казала журналістам, што хацела б сама пахаваць расстралянага сына, хоць беларускае заканадаўства і не прадугледжвае таго, каб целы асуджаных да смяротнага пакарання потым перадавалі сваякам.

Аднак маці Уладзіслава Кавалёва лічыць, што рашэнне Вярхоўнага суду было неправасудным, што вінаватасць яе сына не была даказаная і што прысуд быў прыведзены да выканання  неправамоцна – гэтым былі парушаны міжнародныя прававыя нормы, бо скаргу сына не паспеў разгледзець камітэт ААН па правах чалавека, які прасіў адтэрмінаваць пакаранне, пакуль скарга не будзе вывучана.

Паведамленне пра тое, што смяротны прысуд выкананы, было абнародавана 17 сакавіка ў навінах тэлеканалу ОНТ, ранкам таго ж дня Любоў Кавалёва атрымала даведку пра тое ж з Вярхоўнага суду. Уладзіслава Кавалёва расстралялі.

20 сакавіка інтэрв’ю тэлеканалу Russia Today Аляксандар Лукашэнка, які асабіста адмовіў у памілаванні абвінавачаным за тэракт Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву, заявіў, што спачувае родным расстраляных. Ён сказаў, што смяротная кара для іх стала "чарговай трагедыяй у жыцці", і што "больш за усё я спачуваў бацькам гэтых людзей, якім я дапамагчы не магу".

22 сакавіка Любоў Кавалёва атрымала пакунак з рэчамі расстралянага сына, якія ёй даслалі з СІЗА КДБ па пошце. Сваякам вярнулі адзенне, асабістыя рэчы Уладзіслава Кавалёва і нават прадукты, якія ён не паспеў спажыць. Аднак маці на аддалі запісы, якія ён вёў падчас судовага працэсу – тыя, што ён  прасіў сваякоў абавязкова захаваць.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны