Дадатковая інфармацыя па справе Кавалёва накіравана ў Камітэт па правах чалавека ААН
У Камітэт па правах чалавека ААН накіравана дадатковая інфармацыя ў рамках разгляду індывідуальнага паведамлення маці асуджанага да смяротнага пакарання і расстралянага Уладзіслава Кавалёва -- Любові Кавалёвай і ягонай сястры Таццяны Казяр. Мэта дадатковага паведамлення – праінфармаваць Камітэт пра афіцыйную дату выканання прысуду і пра абставіны, якія яго суправаджалі .
Па словах юрыста-праваабаронцы Рамана Кісляка, маці Уладзіслава Кавалёва не магла даведацца, дзе ён знаходзіцца ўвесь тыдзень пасля таго, як было паведамлена пра адмову ў памілаванні. Адвакат таксама не мог патрапіць да яго на сустрэчу як мінімум два дні, якія папярэднічалі выкананню смяротнага пакарання. Гэтыя акалічнасці, звязаныя з выкананнем смяротнага прысуду, таксама могуць з’явіцца прадметам разгляду ў Камітэце.
Уладзіслаў Кавалёў быў расстраляны 15 сакавіка, на другі дзень пасля адмовы Аляксандра Лукашэнка аб памілаванні.