Міліцыя супраць кантактаў Любові Кавалёвай з журналістамі

Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі перашкодзіць сустрэчы расійскіх журналістаў з маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва. Сустрэча была запланаваная ў яе кватэры, але супрацоўнікі міліцыі пільнавалі журналістаў каля пад'езду.

Любові Кавалёвай прапанавалі даць відэаінтэрвью для праграмы "Чалавек і закон". Але як толькі здымачная група выйшла з таксі, ім перагарадзілі шлях супрацоўнік міліцыі і АМАПавец. Гаспадыня ўбачыла гэта з акна і пайшла "вызваляць гасцей":

"Добра, што я ўбачыла. Маглі, можа, і ўвогуле не пусціць! Міліцэйская машына з'явілася каля нашага дому яшчэ гадзіны за дзьве да прыезду журналістаў – "жыгуль" прыпаркаваўся ў левым баку нашага двара… Калі я ўбачыла, што людзей не пускаюць, то спусцілася ўніз, запытала: "Што, ужо да мяне людзям хадзіць забараняеце?". Тады ўсіх прапусцілі, але перапісалі дакументы. Заявілі, нібыта суседзі скардзяцца на тое, што тут ўвесь час нейкія журналісты шукаюць "лабараторыю" Дзімы Канавалава".

Сям'я Канавалава, якога таксама расстралялі паводле абвінавачання ў тэрарызме, жыве ў суседнім доме. Верагодна, "паляванне на журналістаў" пачалося пасля таго, як на сайце Радыё Свабода з'явіўся фотарэпартаж з падвала, дзе нібыта была лабараторыя па вырабу выбухоўкі. Некалькі дзен таму  сарайчык, дзе Дзмітрый Канавалаў збіраўся з сябрамі, і, паводле версіі следства, вырабляў бомбы, стаяў адчынены…

Любоў Кавалёва дадае, што міліцэйская машына стаяла ў двары яшчэ й пасля таго, як з'ехалі тэлежурналісты. Супрацоўнікі міліцыі назіралі, хто яшчэ ўваходзіць і выходзіць з пад'езда, дзе жывуць Кавалёвы. Маці Уладзіслава Кавалёва кажа, што ахова з боку міліцыянтаў ёй не патрэбна – што ў вінаватасці сына яна не верыць, што следства шмат каго не пераканала, і што ніхто ні разу ёй не пагражаў і не спрабаваў "адпомсціць".

 Сям'я Дзмітрыя Канавалава, другога абвінавачанага ў тэракце, знаходзіцца пад міліцэйскай аховай з сярэдзіны красавіка мінулага году. Бацькоў   расстралянага Канавалава суправаджаюць у краму, адвозяць на службовай машыне на працу і нават сабачку Канавалавы выгульваюць пад канвоем людзей у цывільным.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны