Любоў Кавалёва разглядае магчымасць судовага зыску супраць стваральнікаў фільму "Метро"

Фільм выйшаў на тэлеэкраны 11 красавіка, да ўгодкаў выбуху на станцыі "Кастрычніцкая". Маці расстралянага па абвінавачанні ў тэрарызме Уладзіслава Кавалёва і сябар сям'і Кавалёвых, віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда зафіксавалі больш за 20 эпізодаў у гэтым фільме, дзе аўтары спрабуюць маніпуляваць грамадскай свядомасцю. Свой аналіз відэаматэрыялаў яны даслалі кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку.  

Любоў Кавалёва лічыць, што аўтары "дакументальнага фільма" – а гэты выраз у лісце да спадара Давыдзькі заўжды бярэцца ў двукоссе – спрабуюць зрабіць тое, што не ўдалося суду і следству:

"Многія, многія людзі не вераць у вінаватасць Дзімы Канавалава і майго сына, бо ні следства, ні суд не былі дастаткова пераканаўчымі. Вось стваральнікі фільму і паспяшаліся навесіць на хлопцаў ярлыкі апошніх нягоднікаў, насачыняўшы няпраўды. Хто сказаў, што Улад быў схільны да суіцыду? У фільме гэта сказана адкрытым тэкстам. Ды ў яго і думак такіх не было, ён паехаў у Мінск вучыцца, хацеў заснаваць сваю справу! Ды стваральнікі фільму выкарыстоўваюць нават тыя палажэнні, што былі аспрэчаны ў судзе! Сведка Шалудкевіч, да прыкладу, адкрыта заявіў у судовай зале, што выбуховае прыстасаванне – "расцяжку", на якую ён наехаў на ровары, ставіў не Дзіма. Ён бачыў там зусім іншых хлопцаў. Але гэта  аўтараў-"дакументалістаў" не турбуе, яны вінавацяць хлопцаў, не зважаючы ні на што!"

Маці Уладзіслава Кавалёва разглядае магчымасць падаць судовы зыск супраць стваральнікаў фільму "Метро". Яна патрабуе, каб кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі паведаміў іх прозвішчы, бо фільм выйшаў "ананімным".

І ў ім праглядаюцца тыя самыя прыёмы, якія ўжо дэманстраваліся беларускім тэлегледачам з агітацыйнымі мэтамі, кажа Барыс Хамайда.

"Творчыя прыёмы" стваральнікаў "Метро" - гэта ілжывыя сцверджанні, высновы, якія не пацвярджаюцца  наяўнымі доказамі па справе, каментары некампетэнтных асоб, смакаванне крывавых сцэн і культываванне нянавісці. Можа быць таму ні ў пачатку, ні ў канцы "фільма" няма цітраў з прозвішчамі  тых, хто гэтую ілжывую "мыльную бурбалку" надзімаў? Адсутнічаюць прозвішчы сцэнарыста, рэжысёра, аператараў, асобы, якая чытае тэкст за кадрам і іншых. Ніхто не хоча прызнавацца ў вырабе «шэдэўра» праўладнага тэлебачання. Звычка з 1937 года ананімна «стучаць» на суседа, аказваецца, вельмі жывучая", гаворыцца ў лісце да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны