Беларуская амбасада раіць палякам паглядзець фільм "Метро"
Беларуская амбасада зрабіла адпаведную заяву неўзабаве пасля таго, як Польшчу па запрашэнні тэлеканала TVN наведалі сястра і маці Уладзіслава Кавалёва і па канале 8 траўня быў паказаны тэлефільм "Як выглядае справядлівасць у Беларусі", дзе ёсць каментарыі Таццяны і Любові Кавалёвых. Беларускія дыпламаты лічаць, што інфармацыя ў гэтым фільме непраўдзівая, і раяць кіраўніцтву прыватнага тэлеканала паказаць фільм "Метро".
"Можна было б паказаць і "Метро", толькі каб з цітрамі, дзе і што падтасавана, дзе ёсць неадпаведнасці і супярэчнасці нават з матэрыяламі следства", - гаворыць Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызме і расстралянага паводле прысуду Вярхоўнага суда.
Стваральнікі фільму "Як выглядае справядлівасць у Беларусі" ініцыявалі таксама збор подпісаў супраць смяротнага пакарання, і больш як дзве тысячы жыхароў Варшавы падпісаліся за адмену вышэйшай меры пакарання ў Беларусі на працягу літаральна некалькі гадзінаў.
Спадзеў на тое, што ў Беларусі будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне, выказала і Ганна Камароўска, жонка прэзідэнта Рэспублікі Польшча, з якой сустракалася Любоў Кавалёва.
Што да фільма "Метро", паказанага па беларускім тэлебачанні да ўгодкаў выбуху, то маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва і сябра сям'і Кавалёвых, віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда зрабілі аналіз гэтага тэлематэрыяла, з якім можна пазнаёміцца на шэрагу інтэрнэт-сайтаў. Таксама яны даслалі гэты аналіз кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку, запатрабаваўшы назваць імёны стваральнікаў фільма, які лічаць паклёпніцкім. Бо ў цітрах ні сцэнарыст, ні рэжысёр, ні іншыя асобы, датычныя да стварэння фільма, названыя не былі.