Імёны стваральнікаў фільма "Метро" – дзяржаўная таямніца?
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька адмовіўся назваць тых, хто працаваў над фільмам "Метро", паказаным да ўгодкаў трагедыі 11 красавіка. І параіў Любові Кавалёвай і Барысу Хамайду, якія лічаць фільм паклёпніцкім і мяркуюць звярнуцца ў суд, абскардзіць яго адказ, звярнуўшыся "у вышэйстаячы орган (Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)".
Адказ на ліст да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі атрымала толькі Любоў Кавалёва, маці асуджанага за тэрарызм і расстралянага Уладзіслава Кавалёва. Хаця зварот яны дасылалі ўдвух з віцебскім апазіцыянерам Барысам Хамайдам, сябрам сям'і Кавалёвых.
Сутнасцю адказа Любоў Кавалёва не задаволена:
“Там толькі цытаванне заканадаўства пра аўтарскае права і "Закона аб сродках масавай інфармацыі". З гэтых цытатаў вынікае, што Белтэлерадыёкампанія мае працоўныя дамовы са сваімі супрацоўнікамі, якія працавалі над фільмам, што яна – уласнік правоў на гэты фільм, і што ніякіх звестак нам прадастаўляць не абавязаныя. Маўляў, у цітрах згадвалася Бедтэлеадыёкампанія, а канкрэтныя імёны нікому ведаць не абавязкова”.
Любоў Кавалёва хацела ведаць імены стваральнікаў, бо мела намер падаць на іх у суд. Яны з Барысам Хамайдам зрабілі аналіз фільма "Метро", адсачыўшы шэраг неадпаведнасцяў, перабольшанняў і нават скажэнняў матэрыялаў следства. Аднак ніякай рэакцыі на крытыку ад Генадзя Давыдзькі не атрымалі.
Напрыканцы ліста кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі параіў у выпадку нязгоды з такім адказам "абскардзіць яго ў вышэйстаячы орган (Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Бедарусь)".
Маці расстралянага паводле абвінавачання ў тэрарызме Уладзіслава Кавалёва яшчэ не ведае, ці скарыстаецца гэтай прапановай. Мажліва, будуць нейкія іншыя захады:
"Але ў любым выпадку я буду змагацца ў імя памяці пра сына. У фільме "Метро", я лічу, яго знарок імкнуцца запэцкаць, бо Дзіму Канавалава ўжо даўно абвясцілі галоўным тэрарыстам, а з Уладам неяк не атрымлівалася… Людзі не вераць у справядлівасць следства і суда па справе тэракту, таму і з'явіўся фільм "Метро" – у якасці апошняга сродка пераканання. І я мушу нешта прадпрымаць супраць яго стваральнікаў, нават калі ад усіх хаваюць іхныя імены".