Любоў Кавалёва так і не атрымала тлумачэнняў наконт абыходжання з целамі пакараных смерцю

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага паводле абвінавачання ў тэрарызме, звярталася ў розныя інстанцыі, у тым ліку і да Аляксандра Лукашэнкі. Яна прасіла, каб ёй выклалі абгрунтаванне неабходнасці трымаць у сакрэце месцы пахавання пакараных смерцю і немагчымасці аддаць іх целы для пахавання сваякам.

Адказу ад А.Лукашэнкі яна так і не атрымала, і ўвогуле з прэзідэнцкай адміністрацыі ёй адказалі толькі пасля паўторнага звароту.

"Я звярталася да Аляксандра Лукашэнкі як да прэзідэнта  некалькі разоў, у тым ліку з просьбай трапіць да яго на прыём. Адказы прыходзілі з яго "канцылярыі" – з адміністрацыі. Апошнія мае звароты былі пра тое, каб мне далі тлумачэнні, навошта неабходная такая сакрэтнасць вакол целаў расстраляных. Таксама я прасіла, каб Аляксандр Лукашэнка выдаў указ, згодна з якім гэты парадак быў бы зменены – і сваякам выдавалі б целы для пахавання, або хаця б указвалі тыя месцы, дзе хаваюць пакараных смерцю. Адказу на ліст ад 7 траўня так і не было, таму 31 траўня я была вымушана пісаць Аляксандру Лукашэнку паўторна. Толькі тады прыйшоў адказ, але не ад Лукашэнкі, хаця я звяртаюся менавіта да яго, а за подпісам кіраўніка ўправы па працы са зваротамі грамадзянаў Станіслава Букі. І ніякіх тлумачэнняў у гэтым лісце зноў не было – толькі спасылка на частку 5 артыкулу 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, дзе і сказана "целы не выдаюцца" і "месца пахавання не паведамляецца", - распавяла Л.Кавалёва.

Яшчэ ў лісце з адміністрацыі Прэзідэнта гаворыцца, што няма ніякіх падставаў для таго, каб мяняць гэтую заканадаўчую норму. І што выкладаць камусьці, чаму закон прадпісвае рабіць так, а не інакш, не ўваходзіць у функцыі прэзідэнта,  дадае маці Уладзіслава Кавалёва.

"Я лічу, што такое патрабаванне заканадаўства – гэта  здзек са сваякоў пакараных смерцю. Бо на іх асабіста няма ніякае віны, дык за што ж тады ім такія маральныя катаванні! Да таго ж для мяне як грамадзянкі Рэспублікі Беларусь так і засталося незразумелым, хто нясе адказнасць за сутнасць таго, што рэгламентуецца нашымі законамі. У адказ на мае пытаннеі, чаму не выдаюцца целы расстраляных і чаму нельга паведаміць, дзе яны пахаваныя, усе толькі спасылаліся на адпаведны артыкул КВК. Гэта і Вярхоўны суд, і Генеральная пракуратура, і Дэпартамент выканання пакаранняў, і абедзьве палаты Парламента… Атрымліваецца, што ў нас ёсць каму прымаць законы, есць каму судзіць людзей, ёсць каму выконваць прысуды, і ёсць каму сачыць, ці адпавядае гэта ўсё заканадаўству. Няма толькі тых, хто можа і абавязаны патлумачыць, на чым уласна грунтуецца нейкая заканадаўчая норма!" – кажа Любоў Кавалёва.

Яна пэўная ў тым, што суд па справе Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, расстраляных за тэрарызм, не быў справядлівым. І што ў справе наконт выбуху ў менскім метро 11 красавіка 2011 года засталося шмат "белых плямаў", таму і яна асабіста, і вялікая частка беларускага грамадства  не згодныя з прысудам Вярхоўнага суду, які пастанавіў расстраляць Кавалёва і Канавалава. Пасля выканання прысуду Любоў Кавалёва не спыняе спробаў аспрэчыць вінаватасць сына.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны