Любоў Кавалёва скардзіцца Генпракурору на старшыню КДБ
Маці расстралянага за выбух у менскім метро Уладзіслава
Кавалёва працягвае патрабаваць, каб з СІЗА КДБ ёй вярнулі нататкі сына.
Усё звароты ў гэтую ўстанову кіраўніцтвам проста ігнаруюцца, кажа Любоў Кавалёва.
31 жніўня Кавалёва накіравала заказным лістом скаргу на імя Генеральнага
пракурора Аляксандра Канюка.
" 29 красавіка я пісьмова звярталася да начальніка СІЗА КДБ, спрабуючы высветліць, дзе знаходзяцца нататкі Уладзіслава, якія ён вёў падчас зняволення. Пасля расстрэлу сына разам з ягонымі рэчамі іх не даслалі. Двойчы, 4 чэрвеня і 13 ліпеня, я звярталася да старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, каб ён разабраўся, дзе падзеліся аркушы з жоўтай папкі, з якой Уладзіслаў хадзіў на суды і куды запісваў свае нататкі. Жоўтая папка да мяне вярнулася пустой. І ні на адзін са зваротаў да Вадзіма Зайцава я пісьмовага адказу я не атрымала», — кажа Любоў Кавалёва.
Паводле артыкула 40 Канстытуцыі, ёй павінны даслаць пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты. І даць іх у належны тэрмін. А раз гэтага няма, ёсць падставы лічыць, што старшыня КДБ ігнаруе Канстытуцыю, мяркуе Любоў Кавалёва.
Смяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву Вярхоўны суд вынес 30 лістапада 2011 году . Судовы вырак пра тое, што віцебскіх хлопцаў прызналі вінаватымі ў выбуху 11 красавіка 2011 года на станцыі мэтро «Кастрычніцкая», Любоў Кавалёва лічыць несправядлівым, а судовы працэс – неаб'ектыўным. 17 сакавіка сваякам Уладзіслава Кавалёва паведамілі, што прысуд прывялі ў выкананне. Маці хоча выканаць апошнюю волю сына – захаваць яго нататкі.
"Але сама сабой прыходзіць думка, што ў тых нататках ёсць нешта такое, што не мусіць выйсці за сцены СІЗА КДБ. І што ёсць нехта, хто аддае загады схаваць нататкі Уладзіслава ад грамадскасці. Яны проста зніклі. Гэтаксама, як зніклі даверанасці Уладзіслава на маё імя, якія я заносіла на подпісы ў СІЗА КДБ, каб мець права весці сынавы справы. Дзве даверанасці прапалі бясследна, і гэтаксама на мае запыты адказам было поўнае маўчанне!" – гаворыць Любоў Кавалёва.