Эўропа заклікае Беларусь спыніць сьмяротныя пакараньні
Рада Эўропы і Эўрапейскі Зьвяз заклікаюць Беларусь абвясьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да ягонай поўнай адмены.
«Сьмяротнае
пакараньне бесчалавечнае і непатрэбнае. Досьвед таксама паказаў, што яно
ня стрымлівае злачыннасьць. Няма бездакорных сыстэм правасудзьдзя; любая
судовая памылка можа прывесьці да трагічнай гібелі невінаватых
людзей,» — гаворыцца ў супольнай заяве Турб’ёрна
Ягланда, Генэральнага сакратара Рады Эўропы, і Кэтрын
Эштан, Высокага прадстаўніка Эўрапейскага Зьвязу
па замежных справах і палітыцы бясьпекі, з нагоды Эўрапейскага
і Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня.
Эўразьвяз бачыць адмену сьмяротнага пакараньня ва ўсёй Эўропе і па-за
яе межамі ў якасьці агульнай задачы для ўсіх краін-сябраў ЭЗ.
Эўрапейскі Зьвяз і Рада Эўропы заклікаюць усе эўрапейскія дзяржавы, якія
яшчэ не адмянілі сьмяротнае пакараньне дэ-юрэ, ратыфікаваць адпаведныя
пратаколы да Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека.
Рада Эўропы і Эўрапейскі Зьвяз заклікаюць Беларусь, адзіную эўрапейскую
краіну, у якой да гэтага часу ажыцьцяўляюцца сьмяротныя пакараньні,
абвясьціць мараторый як крок да поўнай адмены сьмяротнага пакараньня.