Любоў Кавалёва: "Падобна, што турэмныя запісы сына ў СІЗА КДБ проста скралі!"
Маці расстралянага за тэрарызм Уладзіслава Кавалёва прайшла ўсе магчымыя інстанцыі ў пошуках турэмных запісаў сына, якія ёй так і не вярнулі. Засталося апошняе: звярнуцца ў суд. Аднак Любоў Кавалёва кажа, што пасля судовага працэсу над сынам ужо не верыць беларускаму правасуддзю.
Просьба пра захаванне запісаў, якія расстраляны Уладзіслаў Кавалёў вёў у СІЗА КДБ і складаў у жоўтую тэчку, была апошняй воляй сына, кажа Любоў Кавалёва:
"Ён прасіў захаваць запісы ў адным з апошніх лістоў. Але сярод рэчаў Улада, дасланых мне пасля ягонага расстрэлу, запісаў ужо не было. Жоўтую тэчку даслалі пустой. 30 красавіка 2012 года я накіравала скаргу начальніку СІЗА КДБ, каб запісы сына вярнулі. На працягу месяца адказу адтуль я так і не атрымала. Таму 4 чэрвеня 2012 года я звярнулася ўжо да старшыні КДБ Вадзіма Зайцава – каб ён разабраўся ў сітуацыі, створанай работнікамі падначаленай яму ўстановы. Але і ён парушыў мае правы: у 30-дзённы тэрмін, прадугледжаны заканадаўствам для адказаў на звароты грамадзянаў, ніякага адказу я не атрымала.
13 ліпеня я паўторна звярнулася да Вадзіма Зайцава. Глухая сцяна. Высокі начальнік мяне не чуе. 31 жніўня 2012 года звярнулася ўжо да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь А.Канюка. Напісала, што парушаецца артыкул 40 Канстытуцыі, бо дзяржаўныя структуры ігнаруюць мае запыты. А за гэта, між іншым, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць з накладаннем штрафу ад 4 да 20 базавых велічынь…Ізноў прайшоў больш за месяц, перш чым я атрымала адказ ад вышэйшага нагляднага органа краіны. І гэты адказ быў звычайнай адпіскай".
У лісце, атрыманым Любоўю Кавалёвай, літаральна некалькі радкоў: зварот разгледжаны, праведзена праверка, парушэнняў дзейнага заканадаўства не выяўлена, падставаў для пракурорскага рэагавання няма.
"Каб атрымаць хаця б такі адказ, спатрэбілася 5 месяцаў! І што ў выніку? Запісаў як не было, так і няма. Падобна, што іх проста скралі! А гэта, між іншым, прыватная ўласнасць, калі ўжо не майго сына, дык мая!"—гаворыць маці расстрлянага Уладзіслава Кавалёва.
Яна падкрэслівае, што запісы не ўваходзілі ў пералік рэчаў, якія падлягалі знішчэнню па сканчэнні судовага працэсу. Нічога не гаварылася і аб тым, што турэмныя запісы Уладзіслава Кавалёва далучаны да матэрыялаў справы. Таму яго маці мяркуе, што іх ці то згубілі, дапусціўшы халатнасць, ці скралі з невядомымі мэтамі.
Паводле заканадаўства, ёй застаецца хіба толькі звярнуцца ў суд, напісаўшы пазоў супраць кіраўніцтва СІЗА КДБ. Але гэтага Любоў Кавалёва рабіць не будзе:
"Я назірала, як вялося следства па справе Кавалёва і Канавалава, назірала з судовым працэсам, які лічу несправядлівым. Абвінавачанне сына ў тэрырызме лічу неправасудным. Таму ў мяне няма ніякага даверу да беларускай судовай сістэмы".