У Магілёве і Гомелі адбыліся прэзентацыі фільма “Убыл по приговору” (фота)
Вечарам 26 кастрычніка ў Магілёве ў грамадскім цэнтры “Кола” адбыўся паказ фільма “Убыл по приговору”. Фільм, створаны рэжысёрам Віктарам Трацяковым па сцэнары Паліны Сцепаненка ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, магілёўскім гледачам прадставілі каардынатар кампаніі Андрэй Палуда і рэжысёр фільма Віктар Трацякоў.
На прэзентацыі фільма прысутнічала каля пяцідзесяці магіляўчан, былі і прадстаўнікі з некаторых раёнаў вобласці. Зала грамадскага цэнтра “Кола” была запоўнена амаль цалкам, паглядзець фільм і сустрэцца з актывістамі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” прыйшлі мясцовыя праваабаронцы і журналісты, таксама ў прэзентацыі прыняло ўдзел шмат моладзі – студэнтаў і навучэнцаў навучальных устаноў Магілёва.
Падчас прэзентацыі фільма каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда і рэжысёр фільма Віктар Трацякоў распавялі аб тым, як ствараўся фільм “Убыл по приговору», чаму яны вырашылі здымаць фільмы, “якія ніколі не пакажуць па дзяржаўнаму беларускаму тэлебачанню”, шмат увагі надалі праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі. Андрэй Палуда асаблівы акцэнт зрабіў на тое, што Беларусь – гэта апошняя краіна Еўропы, у якой яшчэ ажыццяўляецца смяротнае пакаранне, іншыя краіны ад такога віда пакарання адмовіліся. Віктар Трацякоў засяродзіў увагу прысутных на тым, што ад судовага пакарання смерцю да пазасудовай расправы з няўгоднымі людзьмі адлегласць невялікая, менавіта таму ў фільме шмат увагі нададзена Курапатам, дзе пахаваны ні ў чым не вінаватыя людзі, расстраляныя падчас сталінскіх рэпрэсій.
Фільм “Убыл по приговору» пакінуў моцнае ўражанне на прысутных у зале магіляўчан. Пасля заканчэння прэзентацыі яшчэ доўгі час у кулуарах ішло абмеркаванне фільма, людзі дзяліліся сваімі думкамі і меркаваннямі, выказваліся па праблеме смяротнага пакарання ў нашай краіне.
28 кастрычніка прэзентацыя фільма прайшла таксама і ў Гомелі. Стужку праглядзелі і прынялі ўдзел у дыскусіі некалькі дзесяткаў гамяльчан.
Па словах Андрэя Палуды, ужо праз некалькі дзён прэзентацыя фільма “Убыл по приговору” адбудзецца яшчэ ў адным горадзе Магілёўшчыны – Бабруйску.