Любоў Кавалёва патрабуе, каб Генеральная пракуратура праверыла працу Вярхоўнага суду

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага за тэрарызм, лічыць, што Вярхоўны Суд парушыў тэрміны адказу на наглядную скаргу, складзеную адвакатам сына.  Таксама яна просіць ініцыяваць праверку па фактах фальсіфікацый у справе  выбуху ў менскім метро і парушэнняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу падчас следства  і суду, які прыгаварыў Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава да смяротнага пакарання.

Любоў Кавалёва нагадала, што наглядная скарга была пададзена 27 верасня. Адказ прыйшоў на імя адваката 30 кастрычніка:

"30-дзённы тэрмін разгляду парушаны. Але і гэта яшчэ не ўсё: ніякага канкрэтнага адказу мы не атрымалі – нам даслалі толькі паведамленне, што тэрмін разгляду скаргі працягнуты. Гэта цынізм вышэйшай ступені: цяпер, калі сын расстралялі, у Вярхоўным судзе робяць выгляд, што будуць разбірацца дасканальна, зноў пераглядаючы ўсю справу. Найхутчэй дадуць адказ, што ўсё было зроблена слушна. Нават уявіць сабе не магу, што будзе, калі раптам  прызнаюць, што факты парушэнняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу пацвердзіліся… Бо хлопцаў ужо нічым не вернеш!"

Затрымка з адказам Вярхоўнага суду стала падставай для скаргі  ў Генпракуратуру, кажа Любоў Кавалёва:

"Гэта скарга на імя Аляксанадра Канюка, Генаральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. Я пішу, што Вярхоўны суд парушае заканадаўства і мае правы, своечасова не даслаўшы адказ на наглядную скаргу. Але галоўнае – я зноў пішу пра парушэнні, заўважаныя падчас следства і судовага працэсу. І следства, і суд пакінулі шмат пытанняў. Гэта і відэазапіс з метро з элемэнтамі мантажу, і вынікі экспертызы, калі  ні на вопратцы, ні на целе ў Дзмітрыя Канавалава і майго сына не знайшлі  слядоў выбуховых рэчываў. Да ўсяго, Уладзіслава фактычна пазбавілі права на абарону: падчас следства  адваката да Улада дапусцілі толькі адзін раз, усе астатнія сустрэчы былі толькі падчас следчых дзеянняў ці пару хвілінаў перад пачаткам кожнага суду. Не пускалі адваката, каб падпісаць неабходныя дакументы, і ўжо калі стала вядома, што ён асуджаны да расстрэлу… Я хачу дачакацца адказу. Не веру ў вінаватасць сына, і многія ў Беларусі не вераць вынікам следства і негатыўна ставяцца да смяротнага прысуду хлопцам".

Пасля вынясення смяротнага прысуду 30 лістапада мінулага года стала вядома, што Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава расстралялі ў сярэдзіне сакавіка 2012 года. Любоў Кавалёва дагэтуль патрабуе, каб ёй вярнулі запісы саны, якія ён рабіў падчас следства і суду, але яны таемным чынам зніклі – іх не даслалі разам з рэчамі сваякам, і  ў СІЗА КДБ таксама цвердзяць, што ў месцы апошняга зняволення асуджаных  яны не засталіся.

7 кастрычніка ў Амстэрдаме Любоў Кавалёва агучыла пачатак кампаніі «Вярніце цела», яе мэта – вярнуць цела расстралянага сына ці хаця б даведацца пра месца ягонага пахавання. Кампанія ініцыявана ў тым ліку і за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны