У Гётэборгу прэзентавалі фільм “Убыл по приговору”
Паказ адбыўся ў межах праграмы “Дні правоў чалавека - 2012”, што праходзілі ў шведскім горадзе Гётэборг. Гэта самае вялікае мерапрыемства Скандынавіі, прысвечанае правам чалавека. Яго наведвае каля 2 тысяч чалавек.
Арганізацыя Östgruppen правяла больш за 10 семінараў на тэму правоў чалавека ў Беларусі. У іх прынялі ўдзел беларускія праваабаронцы, ад Швецыі ўдзельнічалі былы камісар па правах чалавека Савета Еўропы Томас Хамарберг і генеральны сакратар Community of Democracies Марыя Лейснер.
У межах праграмы “Дні правоў чалавека - 2012” адбылася прэзентацыя фільма “Убыл по приговору”. Ад сцэнарыста Паліны Сцепаненкі, рэжысёра Віктара Трацьякова і каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды былі перададзеныя вітальныя словы.
Фільм “Убыл по приговору” прысвечаны існаванню ў Беларусі смяротнага пакарання. Аўтары фільма зрабілі інтэрв’ю з Алегам Алкаевым, які распавёў пра механізм выканання смяротнага прысуду. Таксама ў стужцы прыведзеныя меркаванні праваабаронцы Гары Паганяйла, які тлумачыць, чаму Беларусі варта адмовіцца ад смяротнага пакарання. І археолага Мікалая Крывальцэвіча, які звяртае ўвагу, як шмат нявінных людзей было расстраляна супрацоўнікамі НКУС.
Пасля прэзентацыі фільма ў Гётэборгу ўдзельнікі падчас дыскусіі сышліся ў меркаванні, як важна распаўсюджваць інфармацыю пра смяротнае пакаранне.
По дадзеных “Amnesty International” і кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, за апошнія 20 год ў краіне пакарана больш за 400 чалавек. Да таго ж, у Беларусі ўсё, што датычыцца смяротнага пакарання, дагэтуль утойваецца дзяржаўнымі органамі.