У Бабруйску адбылася прэм’ера фільма “Убыл по приговору”
17 лістапада ў Бабруйску адбыўся прагляд фільма “Убыл по приговору”, створанага ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда расказаў бабруйчанам пра праблему існавання смяротнага пакарання ў Беларусі, агучыў шэраг нюансаў, патлумачыў, чаму праваабаронцы выступаюць супраць такога пакарання.
-Жорсткасць гэтага пакарання не толькі ў тым, што асуджаных да вышэйшай меры пакарання расстрэльваюць, як і ў часы Савецкага Саюза, - адзначыў Андрэй Палуда. – Родным не кажуць, калі асуджаны пазбаўлены жыцця, дзе пахавалі яго цела. Маці не можа прыйсці на магілу сына, для сваякоў гэта вельмі цяжка. Гэты момант, эмацыйна цяжкі, паказаны ў фільме, таксама знятым у межах нашай кампаніі, пад назвай “Причина смерти прочерк”.
Бабруйчане выказалі жаданне паглядзець і гэты фільм таксама. Скончылася прэзентацыя праглядам музычнага відэакліпа магілёўскага рэп-гурта “Прадмова”.
-Спадзяюся, гэтыя фільмы нешта змянілі сёння ў вашай свядомасці, і вы пачалі па-іншаму глядзець на смяротнае пакаранне, - выказаў спадзеў Андрэй Палуда. – Кожны з вас можа падтрымаць кампанію і падпісацца пад петыцыяй за яго адмену на інтэрнэт-старонцы.